"Мінск-Арэна" прымае этап Кубка свету па веласпорце на трэку

1 ноября 2019
Менш чым дзве гадзіны застаюцца да афіцыйнай цырымоніі адкрыцця  першага ў сезоне этапа Кубка свету па веласпорце на трэку. Амаль праз два гады  веладром "Мінск-Арэны" зноў прыме прэстыжныя і маштабныя спаборніцтвы, дзе выступяць наймацнейшыя гоншчыкі свету. На коне не толькі медалі, але і рэйтынгавыя ачкі. Яны неабходныя для кваліфікацыі на Алімпійскія гульні ў Токіа - 2020. Зараз на стадыёне працуе наша здымачная група. На прамую сувязь са студыяй выходзіць Крысціна Камыш.

Дзяўчаты ў гэтыя хвіліны змагаюцца за фінал. Гэта заключная гонка ранішняй сесіі. Сёння вечарам будзе разыграна  сем камплектаў медалёў, чатыры з якіх уваходзяць у алімпійскую праграму. І фіналы пройдуць не без удзелу беларусаў. Асаблівая ўвага да жаночай гонкі па ачках, дзе выступіць сярэбраны прызёр нядаўняга чэмпіянату Еўропы ў гэтай дысцыпліне Таццяна Шаракова.

Наогул гэты этап значны і гістарычны. Прычын  шмат. Па-першае, у цяперашнім календары ён першы з шасці запланаваных. А вось з ужо будучага  сезона розыгрыш Кубка свету будзе праходзіць у новым фармаце – колькасць  этапаў скароціцца да трох. Па-другое, спаборніцтвы ў Мінску арганізатары разбілі на чатыры, а не на тры  дні. Гэта зроблена для таго, каб атлетам было камфортна,  і як мага больш гоншчыкаў прынялі ўдзел у розных дысцыплінах. Ну і самае галоўнае -  настолькі прадстаўнічага і зорнага складу спартсменаў наша краіна яшчэ не прымала: 386 гоншчыкаў, 57 каманд з 44 краін. І на беларускім трэку яны будуць змагацца не толькі за медалі, але і за рэйтынгавыя ачкі. Яны неабходныя для атрымання квот на галоўны старт чатырохгоддзя - Алімпійскія гульні ў Токіа  - 2020.

Цырымонія адкрыцця пачнецца ў 16:45. У 17:20 стартуюць гонкі. Дарэчы, для балельшчыкаў тут, на арэне,  арганізатары падрыхтавалі шмат розных актыўнасцяў. Прамыя трансляцыі будуць весці тэлеканалы "Беларусь 5" і "Беларусь 5. Інтэрнэт". Хварэем за нашых і чакаем прыгожай барацьбы!