"Мінск-Арэна" прымае этап Кубка свету па канькабежным спорце

18 марта 2018

Наймацнейшыя канькабежцы з 16-ці краін сёння прадоўжаць выступленне на фінальным этапе Кубка свету, які прымае "Мінск-Арэна". Гэтымі спаборніцтвамі 80 спартсменаў завершаць сезон. Учора, нагадаем, Марына Зуева прынесла нашай зборнай серабро на дыстанцыі 3 тысячы метраў. Беларуска ўпершыню паднялася на п'едэстал этапа Кубка свету. Ігнат Галавацюк пераадолеў тысячу метраў дзясятым. Абодва атлеты, нагадаем, выступалі на Алімпіядзе ў Пхёнчхане.

Спаборніцтвы пачнуцца ў 15 гадзін. У праграме сёння 8 дыстанцый. Атлеты разыграюць 8 камплектаў узнагарод. Беларусам будзе за каго хварэць. Марына Зуева выступіць у мас-старце. На тэлеканале "Беларусь 5" эфір фінальнага дня Кубка свету пачнецца ў 23:45.