"Мінчанка" - у фінале Кубка ЕКВ

20 марта 2018

Неверагодны матч у палацы спорту "Уручча" і першы ў гісторыі выхад беларускага валейбольнага клуба ў фінал жаночага Кубка ЕКВ!

"Мінчанка" - у фінале другога па рангу клубнага турніру Еўропы. Гэта лепшы вынік беларускіх клубаў на еўраарэне за 30 гадоў! Гэта перамога далася нялёгка. Нашы дзяўчаты прайгралі "Штутгарту", але вырвалі пуцёўку ў фінал у залатой партыі. Першыя два сэты былі за немкамі. Далей беларускі зраўнялі лік. Але ў пятым уступілі.

Аднак прыгожы валейбол на гэтым не скончыўся. Бо ў першай сустрэчы поспех святкавала “Мінчанка” з аналагічным лікам 3:2, каманды вымушаныя былі згуляць тую самую залатую партыю. Мацнейшымі нервы апынуліся ў беларусак, 15:8! "Мінчанка" ў фінале Кубка ЕКВ!

У гістарычным фінале нашы дзяўчаты згуляюць з турэцкім клубам "Эджзаджыбашы". Толькі яшчэ раз падкрэслім, гэта лепшы вынік беларусак з 87-га года. Пажадаем нашым дзяўчатам поспеху!