Міхаіл Грабоўскі прыляцеў у Мінск

18 апреля 2014
Адзіны НХЛавец, і гулец, на якога Глен Хэнлан разлічвае як на лідара зборнай. Самалёт з Міхаілам Грабоўскім сёння прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. І толькі нападаючы Вашынгтона спусціўся з трапа самалёта, як прызнаўся, што гатовы ў любы момант надзець світар зборнай Беларусі. Галоўны трэнер нашай каманды Глен Хэнлан напярэдадні заявіў, што прыезд Грабоўскага - гэта сапраўдны цуд, і з такім хакеістам можна разлічваць на штосьці сур'ёзнае на хатнім чэмпіянаце свету.

Андрэй Казлоў першым сустрэў Міхаіла Грабоўскага на беларускай зямлі. З сённяшняга дня галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі Глен Хэнлан можа разлічваць на аптымальны склад. Пасля завяршэння чэмпіянату ў Нацыянальнай хакейнай лізе ў Мінск прыляцеў нападаючы Вашынгтона Міхаіл Грабоўскі. Трэнер зборнай ужо прызнаўся, што такая падзея істотна развяжа яму рукі.


Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі напярэдадні чэмпіянату свету трапіла ў няпростую сітуацыю. У камандзе яшчэ ў сакавіку выпалі два цэнтральныя форварды - Андрэй Стась і Аляксандр Кітараў.
Таму прыбыццё з-за акіяна Міхаіла Грабоўскага, цэнтрфорварда Вашынгтона, робіць нашу зборную на парадак мацнейшай.


Па-першае, сёння ў наяўнасці дэфіцыт гэтага амплуа, а па-другое, Грабоўскі - адзіны хакеіст, які выступае ў Нацыянальнай хакейнай лізе. А гэта, безумоўна, знак якасці. Міхаіла Грабоўскага ў аэрапорце сустракалі толькі бацька, дзядуля і лепшы сябар Канстанцін Захараў.
Прэсы не было. Грабоўскі не хацеў афішаваць свой прыезд. Сезон у НХЛ атрымаўся неадназначным, і галоўная прычына таму - частыя траўмы.
Міхаіл салідарны з бацькам. Зборная Беларусі ўступае ў заключны і самы адказны этап падрыхтоўкі да чэмпіянату свету. Глену Хэнлану ўдалося сабраць усіх самых моцных. Зараз усё залежыць ад жадання і самааддачы.