Міжнародны вяшчальны цэнтр - тэлевізійнае сэрца II Еўрапейскіх гульняў

6 Чэрвеня 2019

Мінск на фінішнай прамой падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. Размова не толькі пра спартыўныя аб'екты і інфраструктуру. Прэм'ер-міністр і старшыня сталічнага гарвыканкама сёння наведалі Міжнародны вяшчальны цэнтр. Ён размясціўся на базе Футбольнага манежа  на праспекце Пераможцаў. 

Пабываў там і наш карэспандэнт Павел Капуцкі.

Міжнародны вяшчальны цэнтр - гэта тэлевізійнае сэрца Еўрапейскіх гульняў. Тут пракладзена 13 кіламетраў сігнальных кабеляў. Кожную раніцу супрацоўнікі звяраюцца са штодзённым планам падрыхтоўкі, у найбліжэйшых планах стрэс-тэсты электрасілкавання.

На кожным спартыўным аб'екце ёсць прэс-цэнтр. Галоўны - на стадыёне "Дынама". Там і будуць працаваць журналісты. Тут жа працуюць праваўладальнікі, якіх зараз каля 130. З іх 47 - еўрапейскія краіны. Пакуль завяршаецца мантаж абсталявання. Гэта ўнікальны аб'ект. У Беларусі такога яшчэ не было. Сярод 205 тэхнічных спецыялістаў  91 беларус, і гэта таксама дасягненне.

Урсула Рамера, выканаўчы дырэктар кампаніі ISB: "Мы шчаслівыя, што мы тут можам працаваць. Вы вельмі многае зрабілі. Бачыце, усё функцыянуе як трэба. Мы гатовы да таго, што вось-вось прыедзе вялікая каманда і пачне працаваць".

Крыху далей па праспекце Пераможцаў у лёгкаатлетычным манежы БДУ ФК працягваецца выдача акрэдытацый і экіпіроўкі. У асноўным валанцёрам. Іх будзе больш за 8 тысяч. Кожны дзень акрэдытацыю атрымліваюць 500-600 чалавек. 

На гэтым тыдні пачалася праграма рэалізацыі білетаў у ВІП-ложы “Мінск” і “Пляжны”. Пакуль даступныя квіткі на топавыя віды: мастацкую гімнастыку і пляжны футбол. Усяго прададзена больш за 130 тысяч білетаў. Але большая частка аўдыторыі - тэлевізійная. У вяшчальным цэнтры ўжо працуе гадзіннік са зваротным адлікам. Ад спякоты выратуе ўпершыню прымененая ў нас сістэма кандыцыянавання з выкарыстаннем перфараваных тэкстыльных паветраводаў. Энергазатраты меншыя  і паветра больш вільготнае.

Пакуль у вяшчальным цэнтры адносна спакойна, але праз два тыдні чакаецца сапраўдны мурашнік. Адначасова тут будуць знаходзіцца больш  за 400 чалавек. Рэжым працы - з 6 раніцы да 2 ночы.