За тытул чэмпіёна на кортах "Мінск-Арэны" змагаліся 160 спартсменаў з 7 краін – прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Літвы, Казахстана, Ізраіля, а таксама Кітая і нават Інданезіі. Прадэманстраваць свае навыкі змаглі як пачаткоўцы, так і прафесійныя спартсмены. Пераможцаў вызначылі ў чатырох катэгорыях у залежнасці ад падрыхтоўкі. Лепшыя атрымалі кубкі і падарункі.
Міхаіл Крупянкоў, дырэктар першага Беларускага бадмінтоннага клуба:
"Турніры дапамагаюць папулярызаваць спорт. Зараз ужо ёсць людзі, якія прыходзяць паглядзець. Гэта цудоўны вынік. Складана было падумаць пра гэта, калі мы пачыналі. Мы пачыналі, у нас было 50 удзельнікаў, зараз 160. Гэта свята спорту на самай справе".
Турнір прайшоў у сталіцы 5 раз. Дарэчы, гэта самы буйны аматарскі чэмпіянат па бадмінтоне ў нашай краіне. Прыхільнікі гэтага віду спорту зноў збяруцца ў Мінску ўжо восенню.













