Медальную скарбонку зборнай Беларусі на II Еўрапейскіх гульнях папоўнілі весляры

27 июня 2019

Сёння зборная Беларусі на байдарках і каноэ пацешыла балельшчыкаў новымі ўзнагародамі ў дзённых заездах. У нас золата і два серабра. Ці чакаць яшчэ медалёў ад нашых спартсменаў, даведаемся ў нашага карэспандэнта Крысціны Камыш, яна знаходзіцца на вяслярным канале ў Заслаўі (прамое ўключэнне).

У гэтыя хвіліны праходзіць цырымонія ўзнагароджання. У дзённай сесіі было разыграна пяць камплектаў узнагарод. Усе заезды былі на кароткіх дыстанцыях. Беларусы выступалі ў кожнай дысцыпліне. Дарэчы, падтрымаць нашу каманду прыехаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. У нас сёння ёсць медалі, таму пра ўсё па парадку.

Раніцай прайшлі чатыры фіналы. Тры з іх сталі медальнымі для Беларусі. Вольга Худзенка выйграла золата ў байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 метраў. На такім жа адрэзку каноэ-двойка ў складзе Надзеі Макарчанкі і Вольгі Клімавай заняла другое месца. Серабро і ў жаночай байдаркі-чацвёркі Літвінчук, Папок, Махнева, Худзенка.

У заездзе байдаркі-адзіночкі на 200 метраў Маргарыта Махнева - восьмая. На такой жа дыстанцыі ў мужчын Дзмітрый Траццякоў паказаў трэці вынік.

Затым на старт выйшаў Арцём Козыр. Ад яго ўжо сапраўды ўсе чакалі добрых секунд. Справа ў тым, што беларус - трохразовы чэмпіён свету. Ён паднімаўся на першую прыступку п'едэстала і на апошнім планетарным форуме. У выніку ў каноэ-адзіночцы на 200 метраў Арцём Козыр фінішаваў першым.

На пяцістах метрах Алена Наздрова ў каноэ-адзіночцы паказала добрае веславанне. Яна перасякла фінішную стужку першай. І вось меней за 10 хвілін таму завяршыўся заезд у байдарцы-двойцы ў жанчын на 200 метраў. У экіпажы сядзелі Вольга Худзенка і Марына Літвінчук. Для Марыны гэта была другая гонка за дзень. Для Вольгі - трэцяя. Дзяўчыны ўзялі бронзу.

Засталіся 5-кіламетровыя дыстанцыі. Спачатку выступіць Марына Літвінчук. Памятаем, што яна на І Еўрапейскіх гульнях у Баку станавілася пераможніцай у гэтым класе лодак. У мужчын Беларусь прадставіць Алег Юрэня, які ўчора паднімаўся на п'едэстал. Мы будзем сачыць за развіццём падзей.