Медальная скарбонка зборнай Беларусі на ЧЕ па веславанні на байдарках і каноэ папоўнілася серабром і бронзай

5 июня 2021
Медальная скарбонка зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ сёння папоўнілася яшчэ дзвюма ўзнагародамі. Спачатку бронзу на дыстанцыі 500 метраў у заездзе байдарак-двоек выйгралі Марына Літвінчук і Вольга Худэнка. Нагадаем, гэтая дыстанцыя ўваходзіць у алімпійскую праграму, і нашы дзяўчаты, безумоўна, будуць змагацца за медалі ўжо на Гульнях у Токіа. Медальны пачын дзяўчат падтрымаў і Арцём Козыр, які фінішаваў другім у заездзе каноэ-адзіночак на дыстанцыі 200 метраў. 

Такім чынам, у скарбонцы зборнай Беларусі на гэты момант 4 медалі. Апроч бронзы Літвінчук і Худэнкі, а таксама срэбра Козыра, гэта золата мужчынскай байдаркі-чацвёркі і бронза Алёны Наздровай. Мы ж працягнем сачыць за падзеямі на вяслярным канале ў Познані. "Беларусь 5" заўтра пакажа заключны дзень спаборніцтваў. Пачатак прамой трансляцыі ў 9:30 раніцы.