13 августа 2018

Сенсацыйную перамогу мінскага "Дынама" над піцерскім "Зенітам" працягваюць актыўна абмяркоўваць. Матч у адказ ужо 16 жніўня. І, зразумела, яркія выступленні нашых спартсменак на чэмпіянаце па лёгкай атлетыцы ў Берліне.

Узгадаем, якім быў спартыўны тыдзень, у рубрыцы "Матчбол". 7 узнагарод, 3 з якіх залатыя. Зборная Беларусі па лёгкай атлетыцы трыумфальна выступіла на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у Берліне. Мінулай ноччу ў Мінск вярнулася Эльвіра Герман.

Менавіта яна прынесла нашай краіне першае золата спаборніцтваў. У бегу на 100 метраў з бар'ерамі Эльвіра апярэдзіла лідараў на гэтай дыстанцыі: Памелу Дуткевіч, Сіндзі Роледэр і Аліну Талай. З такім выдатным вынікам чэмпіёнку Еўропы павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ 2 залатыя ўзнагароды ў Берліне таксама на раханку бегуноў. Вольга Мазуронак - лепшая у марафоне. Выдатна выступілі ў гэтым відзе праграмы і астатнія беларускі. Як вынік - менавіта наша зборная атрымала золата і ў камандным заліку. Такі вынік, без перабольшання, спартыўны подзвіг. У Вольгі падчас бегу адкрыўся крывацёк, аднак спартсменка не сышла з дыстанцыі, прадоўжыла выступленне і стала лепшай ў Старым Свеце. З 7 узнагародамі ў агульным медальным заліку Беларусь на 7-м месцы.

Сталічнае футбольнае "Дынама" і БАТЭ тым часам робяць чарговы крок у бок групавога раўнда Еўракубкаў. Неверагодна, але факт - бела-блакітныя на адноўленым стадыёне "Дынама" каменя на камені не пакідаюць ад флагмана чэмпіянату Расіі - "Зеніта", 4:0. Матч у адказ пройдзе 16 жніўня. Нягледзячы на такі вынік, галоўны трэнер "Дынама" Сяргей Гурэнка ўсё ж вельмі асцярожна разважае пра выхад у наступны раунд.

Выдатны вынік атрымлівае БАТЭ ў першым матчы супраць "Карабаха". У Азербайджане жоўта-сінія не прапусцілі, самі адзначыліся - перамаглі 1:0 і ўжо заўтра могуць гарантаваць сабе еўракубкавую восень. Пачатак гульні ў 20:00.

На гэтым тыднi, акрамя футбола, сочым за тэнісам. На прэстыжным турніры ў Цынцынаці выступяць адразу тры беларускі: Вікторыя Азаранка, Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка. У сераду ў Магілёве пачне адбор на чэмпіянат Еўропы мужчынская валейбольная зборная краіны, а ў выхадныя вашай увазе этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.