30 октября 2017

Увага ў гэтыя дні - за зборнай Беларусі па тэнісе. Наперадзе - фінал Кубка Федэрацыі, нашы тэнісісткі змагаюцца супраць амерыканскай каманды. Знакамітыя сёстры Уільямс не заяўлены, але склад нашых саперніц даволі моцны. “Матчбол” сёння - пра тэніс і не толькі.

Менш чым праз два тыдні “Чыжоўка-Арэна” стане месцам сусветнага тэніса. З'ява для беларускага спорту вельмі значная. Нашыя дзяўчаты будуць змагацца за тытул лепшай зборнай на планеце. Але на шляху каманды Беларусі - моцныя амерыканкі.

А вось гэтыя кадры абляцелі вясной усе міжнародныя спартыўныя СМІ. У паўфінале Кубка Федэрацыі Арына Сабаленка прыносіць пераможны бал нашай камандзе і выводзіць яе ў фінал. Кар'ера Арыны з таго часу стала набіраць абароты.

Ужо восенню яна гуляе супраць самой Марыі Шарапавай у фінале статуснага турніру WTA ў кітайскім Цяньдзіне и вырываецца ў топ-100 сусветнага рэйтынгу. А зараз рыхтуецца ў складзе зборнай Беларусі.

Акрамя Арыны Сабаленка ў адзіночным разрадзе выступіць Аляксандра Сасновіч. А ў супрацьстаянні пар згуляюць Лідзія Маразова і Вера Лапко.

Білетаў у касах застаецца ўсё менш. Але шанс трапіць на “Чыжоўка-Арэну” 11 і 12 лістапада пакуль ёсць у кожнага.

Але тэніс - не адзіная з'ява гэтай восені, якая выклікае павышаны інтарэс у балельшчыкаў беларускага спорту. У чэмпіянаце краіны па футболе жыве інтрыга, у якой ад БАТЭ ўжо залежыць не ўсё.

Барысаўскі БАТЭ страчвае ачкі там, дзе ніхто і не чакаў. Шматразовыя чэмпіёны Беларусі на хатняй “Барысаў-Арэне” прымалі аўтсайдара турніру - наваполацкі “Нафтан”, але не змаглі перамагчы. Лік матча – 1:1.

Галоўны прэтэндэнт на чэмпіёнства на сёння – салігорскі «Шахцёр», які ў гэтым туры перамог з лікам 2:1 магілёўскі «Днепр». І нават калі БАТЭ вярнуць тры балы, якія забралі з-за памылкі ў выплаце штрафа за дыскваліфікацыю Сяргея Верамко, салігорскі клуб усё роўна застанецца на першым месцы. Наперадзе тры гульні, і перамога ў кожнай зробіць “Шахцёр” чэмпіёнам.

Да фінішу турніру застаецца толькі тры туры. Развязка ў чэмпіёнскай гонцы адбудзецца вельмі хутка.