27 июня 2016

Дзе, як ні дома? "Іслач", нарэшце, сістэмна пачынае перамагаць на хатняй арэне. Вікторыя Азаранка наадварот з-за траўмы цяпер не хутка атрымае сваю чарговую перамогу, а арганізатары мінскага паўмарафона ўжо пачалі рэгістраваць сваіх першых удзельнікаў. Больш падрабязна ў рубрыцы "Матчбол".

Футбольны клуб "Іслач" упэўнена перамагае сталічнае "Дынама" ў 14 туры чэмпіянату краіны і выходзіць на 7 месца. Пры гэтым дружына Віталя Жукоўскага цяпер ўсяго на чатыры балы адстае ад другой каманды турніру - салігорскага "Шахцёра", а вось да БАТЭ ўжо 11 ачкоў.

Адзначым, перамога над "бела-блакітнымі" стала другой запар на хатнім стадыёне "Іслачы", да гэтага ў 2016 годзе, нагадаем, у Маладзечне "ваўкі" ўвогуле не маглі абыграць сваіх сапернікаў.

Перамагаюць у туры і "Крумкачы" – мінчане у Брэсце мацнейшыя за мясцовае "Дынама" 2:1, пры гэтым увесь другі тайм сталічныя гулялі у меншасці. Адзначым і нічыю "Мінска" з "Гранітам" 0:0. Вынік матчу "Славія-Мазыр" - салігорскі "Шахцёр" 1:1.

Дарэчы, гарнякі ужо ў гэты чацвер стартуюць у Еўракубку, як і мінскае "Дынама". У першым раўндзе Лігі Еўропы сапернікі нашых каманд: фарэрскі "Рунавік" і юрмальскі "Спартак" адпаведна.

Вікторыя Азаранка прапусціць Уімблдон. Тэнісістку па-ранейшаму турбуе траўма калена. Беларусь на брытанскіх травяных кортах прадставіць Максім Мірны ( у пары з Трэтам Х'юі яны пасеяны пад высокім 12-ым нумарам), Вольга Гаварцова і Аляксандра Сасновіч.

І апошняе, мінскі паўмарафон пройдзе 4 верасня. У мінулы панядзелак стартавала афіцыйная рэгістрацыя ўдзельнікаў. Колькасць месцаў абмежаваная. Па вуліцах сталіцы пабягуць не больш за 20 тысяч чалавек. Сёлета арганізатары мерапрыемства зрабілі рэгістрацыю платнай - мінімальны ўзнос 70 тысяч.

На гэтым тыдні прадаўжаем сачыць за чэмпіянатам Еўропы па футболе: нас чакае раунд плей-оф. Паралелльна цікавімся найстарэйшым тэнісным турнірам на планеце - Уімблдоном. Зразумела, выключна на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт і яшчэ ўбачымся.