14 мая 2018

У барысаўскага БАТЭ сёмая перамога ў чэмпіянаце Беларусі па футболе: 21 бал на рахунку "жоўта-сініх" і першае месца у турнірнай табліцы. Вікторыя Азаранка тым часам падымаецца вышэй у сусветным тэнісным рэйтынгу. Рубрыка "Матчбол" - пра самыя значныя спартыўныя падзеі.

Расказвае Станіслаў Ліпскі: Другую перамогу у трох матчах пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнера Сяргея Ташуева атрымлівае салігорскі "Шахцёр" у чэмпіянаце краіны. Напярэдадні "гарнякі" былі мацнейшыя за "Іслач" з Мінскага раёна, 3-0.

Гэтыя 7 балаў пасля ракіроўкі на трэнерскай пасадзе дазволілі ўладальніку бронзавых медалёў мінулага сезона – "Шахцёру" - перамясціцца на сёмы радок з адставаннем ад трэцяга месца на 5 ачкоў. А вось "Іслач" пакуль застаецца 11-й камандай спаборніцтваў. Гэта няўдача другая запар для дружыны Віталя Жукоўскага.

БАТЭ на апошніх хвілінах хатняга супрацьстаяння з мінскім "Тарпеда" напярэдадні ўсё ж атрымлівае вікторыю, 2-0. Сёння ў сталічным дэрбі "Дынама" згуляе з "Праменем". Пачнецца паядынак у 19:30 на футбольным полі спарткомплексу "Алімпійскі". Час паспець на гульню яшчэ ёсць.

Расчаравала сваіх прыхільнікаў зборная Беларусі па хакеі. На чэмпіянаце свету нацыянальная каманда саступіла ў шасці гульнях запар і такім чынам датэрмінова пакінула элітны дывізіён.

У вырашальным паядынку ў суботу беларусы без варыянтаў саступілі Аўстрыі, 0-4, таму матч у аўторак супраць Славакіі стане гульнёй прэстыжу для Аляксандра Паўловіча і кампаніі. З сумнай статыстыкай падыходзіць каманда да гэтага матча: закінулі беларусы ўсяго 4 шайбы, а вось прапусцілі 29.

Пачатак матча Беларусь - Славакія вас чакае ў 17:15 заўтра.

Вікторыя Азаранка працягвае паступовае вяртанне спачатку у топ-50, а потым, упэўнены мы, і ў першую дзясятку сусветнага тэніснага рэйтынгу. Сёння ў абноўленай класіфікацыі беларуска займае 84 радок. Наперадзе выступленне на прэстыжным турніры у Рыме. Лепшай з беларусак застаецца Арына Сабаленка - яна 45-я ракетка свету.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за чэмпіянатам свету па хакеі. У сераду да вашай увагі фінал Лігі Еўропы, а ў суботу даведаемся, хто стане ўладальнікам Кубка Беларусі па футболе: брэсцкае "Дынама" паспрачаецца з БАТЭ. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.