12 июня 2017

Зборная Беларусі па футболе ў гэтыя хвіліны на сталічным стадыёне "Трактар" пачынае таварыскі паядынак супраць Новай Зеландыі. Аднойчы каманды сустракаліся: на Алімпійскіх гульнях у Лондане, і тады беларусы перамаглі 1:0. Ці атрымаецца ў нашай дружыны паўтарыць поспех, даведаемся праз дзве гадзіны, а вось аб тых спартыўных падзеях, якія ўжо адбыліся, - рубрыка "Матчбол".

На працягу чатырох матчаў зборная Беларусі па футболе не перамагала, таму ў пятніцу ў хатнім паядынку супраць Балгарыі, які праходзіў у рамках кваліфікацыі да чэмпіянату свету, аматары гульні нумар адзін як ніколі чакалі перамогі, і гульцы нацыянальнай каманды не расчаравалі.

"Барысаў-Арэна" прымала сустрэчу, якая стала адметнай для Ігара Крывушэнкі - галоўны трэнер зборнай упершыню, пасля яго назначэння на гэту пасаду, выступаў перад роднымі трыбунамі. Цікава, але ў стартавым складзе так і не знайшлося месца ніводнаму футбалісту БАТЭ. Аднак і без гэтага неабходны вынік здабыць атрымалася – Сівакоў і Савіцкі адзначыліся ў складзе беларусаў. 2:1 - гаспадары аказаліся мацнейшыя.

На жаль, перамога не дазволіла беларусам падняцца вышэй у сваёй групе, пасля шасці матчаў з актывам пяць балаў мы працягваем займаць пятае месца з шасці каманд.

Мініфутбольны клуб "Сталіца" другі раз у гісторыі стаў чэмпіёнам Беларусі. У суботу каманда Андрэя Толмача заваявала залатыя медалі турніру.

У фінальнай серыі мінчане перайгралі гомельскі клуб ВРЗ - 3:0. Кропку сталічныя паставілі ў субботу, перайграўшы каманду з берагоў Сожа 6:0. Чатыры дакладныя стрэлы ў свой актыў запісаў Сяргей Крыкун.

У наступным сезоне мінчане прадставяць Беларусь у Кубку УЕФА.

А сталіца ў мінулую суботу прымала Кубак Еўропы ў бегу на 10 тысяч метраў. Жаночая зборная Беларусі выйграла золата ў камандным заліку, а Вольга Мазуронак - другая ў асабовым заліку. Падобныя спаборніцтвы ў гэтай дысцыпліне наша краіна прымала ўпершыню і, паводле слоў міжнародных функцыянераў, гэтым прыкладам Беларусь чарговы раз прадэманстравала свой выдатны патэнцыял і як арганізатараў, і як фаварытаў міжнародных стартаў.

На гэтым тыдні сочым за гандболам, жаночая зборная Беларусі паспрабуе выйсці на чэмпіянат свету, а паралельна падтрымліваем нашых баскетбалістак - каманда Наталлі Трафімавай пачне выступленне на чэмпіянаце Еўропы. Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.