6 июня 2016

Ці згуляе жаночая зборная Беларусі па баскетболе на другіх у сваёй гісторыі Алімпійскіх гульнях? За кошт чаго адкрыццё беларускага футбола – "Крумкачы" застаюцца на вяршыні турнірнай табліцы?

І чаму "Іслач" прайграе трэці матч запар? Адказы ў рубрыцы "Матчбол".

Расказвае Станіслаў Ліпскі. Дэбютанты Вышэйшай лігі па футболе - прадстаўнікі цэнтральнага рэгіёна: "Крумкачы", "Іслач" і "Гарадзея" - працягваюць заставацца ў авангардзе навін спартыўных выданняў. Так па выніках дзясятага тура мінскія "Крумкачы" ўвогуле выйшлі на другое месца ў турнірнай табліцы.

Упэўненая перамога над "Нафтанам", 2-0, дазволіла сталічным набраць свой 17-ы бал у эліце айчыннага футбола. Столькі ж у мінскага "Дынама" і "гараджан", ды вось толькі апошнія дзве дружыны на старце чэмпіянату значыліся фаварытамі ў бітве за медалі, а вось "Крумкачы" пры ўсёй павазе да іх - не.

"Гарадзея" ў пятніцу перамагае ў Бабруйску "Белшыну", 2-0, а вось "Іслач" расчаравала сваіх прыхільнікаў - на хатняй арэне ў Маладзечне саступіла "Славіі", 0-1.

Трэць гульняў чэмпіянату завершана, вынік пасля 10-ці тураў наступны: БАТЭ з верагоднасцю 90 % абароніць свой тытул пераможца турніру, а вось на месца ў Лізе Еўропы прэтэндуюць адразу 8 каманд. Гэты чэмпіянат абяцае стаць адным з самых цікавых за апошні час.

І не можам абысці ўвагай нацыянальную жаночую зборную Беларусі па баскетболе. Каманда Анатоля Буяльскага працягвае падрыхтоўку да старту у алімпійскім адборачным турніры. Беларускі сталі другімі на мемарыяле Сямёна Халіпскага, які ў суботу завяршыўся ў Мінску. У матчы за першае месца нашы дзяўчаты саступілі Турцыі.

Алімпійскі кваліфікацыйны турнір стартуе ў французскім Нанце 13 чэрвеня. Адказ на пытанне, ці згуляе зборная ў Бразіліі, атрымаем 19-га чэрвеня.

На гэтым тыдні ўся ўвага футболу. У пятніцу стартуе чэмпіянат Еўропы. Упершыню ў фінальнай стадыі турніру выступяць 24 лепшыя каманды Старога Свету. Месца спаборніцтваў - Францыя. Будзе горача, а што самае прыемнае - выключна за ўсімі матчамі сачыце на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт і яшчэ ўбачымся.