Матч ветэранаў беларускага і італьянскага клубаў прайшоў на "Барысаў-Арэне"

2 июля 2016

Падарунак на дзень нараджэння і вызвалення Барысава. Матч ветэранаў беларускага і італьянскага клубаў прайшоў учора на "Барысаў-Арэне". У такі дзень гаспадары, вядома ж, не маглі прайграць. Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Яны адразу адгукнуліся на прапанову і прыехалі ў Барысаў тым складам, якім змаглі. Зоркі італьянскага "Мілана" ўзмацніліся Віталем Кутузавым, які гуляў за абедзве каманды, і выйшлі на газон лепшага футбольнага стадыёна Беларусі.

Адзіны ў паядынку мяч забіў Генадзь Блізнюк, 1:0. Але больш важна, што з вялікім футболам пакончыў ветэран БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч, які, зрэшты, працуе трэнерам у сістэме клуба.

Вынік матча ветэранаў мае невялікае значэнне, а вось 12 ліпеня БАТЭ стартуе ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Тут на "Барысаў-Арэне" жоўта-сінія пазмагаюцца з фінскім СІКам.