Матч з гучнай афішай БАТЭ - "Мілан" пройдзе сёння ў Барысаве

1 июля 2016

Размова, праўда, не аб галоўных камандах беларускага і італьянскага клубаў. На поле "Барысаў-Арэны" выйдуць ветэраны футбола. А да і пасля гульні для балельшчыкаў прадугледжаная насычаная забаўляльная праграма. Зараз на стадыёне працуе наш карэспандэнт Павел Капуцкі (прамое ўключэнне).

На "Барысаў-Арэне" ўжо прайшла прэзентацыя кліпа Сашы Нема "Узнімаем рукі за БАТЭ", так што, можна сказаць - так, шоу пачалося. Але галоўнае яшчэ, вядома, наперадзе. Барысаў сёння адзначае дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А футбольны клуб - 20-годдзе з моманту заснавання. Годная падстава запрасіць "Мілан" - адну з лепшых каманд Еўропы.

Балельшчыкі пачалі прыходзіць на арэну загадзя. Прапускаць каштоўныя хвіліны шоу нікому не хочацца. БАТЭ і "Мілан" на вышэйшым узроўні гулялі некалькі разоў. 15 гадоў таму была сустрэча ў рамках Кубка УЕФА. А ў 2011-м каманды трапілі ў адну групу ў розыгрышы Лігі чэмпіёнаў.

Але сёння зусім іншая гісторыя. На поле "Барысаў-Арэны" выйдуць Віктар Ганчарэнка, Вадзім Скрыпчанка, Юрый Жаўноў, Аляксандр Глеб і іншыя зоркі нашага футбола. Што датычыцца "Мілана", то з-за Еўра-2016, які праходзіць у Францыі, камандзе не дапамогуць некаторыя вядомыя ветэраны (напрыклад, Крысціян Уеры і Алесандра Кастакурта), у якіх дзеючыя кантракты экспертаў з тэлекампаніямі. Прыехалі Франка Барэзі, Даніэле Масара. Наш Віталь Кутузаў, які правёў частку кар'еры ў італьянскім грандзе, але пачынаў БАТЭ, сёння заяўлены за абедзве каманды.

Пасля матча балельшчыкаў чакае канцэртная праграма. Выступяць Руслан Аляхно, наш прадстаўнік на "Славянскім базары" Аляксей Грос, Ані Лорак. У канцы аматараў футбола чакае салют.

Яшчэ адна знакавая падзея: сёння з вялікага футбола праводзяць шматгадовага ветэрана барысаўскага клуба Дзмітрыя Ліхтаровіча, за спінай якога амаль паўтысячы матчаў на вышэйшым узроўні. Гульня пачнецца ў 20 гадзін і ў прамым эфіры будзе паказаная на "Беларусь 5". Не прапусціце!