Матч - адкрыццё сезона ў беларускім футболе перасягнуў усе чаканні

10 марта 2018

Перамога брэсцкага "Дынама" над БАТЭ адкрыла масу інтрыгуючых пытанняў аб тым, хто стане лепшай камандай Беларусі па выніках 2018 года. Шматразовыя чэмпіёны з Барысава не паўсталі сёння настолькі грознай сілай, як гэта было раней. У клубе змяненні - як сярод футбалістаў, так і на трэнерскім мастку. Брэст жа другі год запар не толькі заваёўвае трафей на ўнутранай арэне, але ўсё больш умацоўвае склад і паспявае працаваць не толькі на футбольным полі. Антураж матча за Суперкубак Беларусі, феномен клуба з берагоў Буга, а таксама чаканне ад сезона ў нацыянальным чэмпіянаце. Аб усім гэтым рэпартаж Андрэя Казлова.

Вось менавіта такім чынам брэсцкае "Дынама" адсвяткавала перамогу ў леташнім розыгрышы Кубка Беларусі. У стылі вядучых сусветных клубаў праехацца з трафеем на аўтобусе па вуліцах горада. Такога ў нашым футболе яшчэ не было.

Спартыўны дырэктар БАТЭ Віталь Радзівонаў перад сустрэчай за Суперкубак Беларусі ад каментарыяў адмовіўся.

Чаканні ад гульні былі пад стаць ажыятажу - білеты на не самыя змяшчальныя трыбуны стадыёна па вуліцы Маякоўскага параскуплялі імгненна. А саму сустрэчу жадалі наведаць самыя вядомыя персоны беларускага футбола.

Брастаўчане ў атацы з Мілеўскім, Савіцкім і Няхайчыкам пачалі разбіраць БАТЭ з першых хвілін. Націск атрымаўся такім моцным, што стаў, верагодна, ключавым адрэзкам для будучай перамогі клуба з захаду Беларусі.

У самым канцы другога тайма барысаўчане адзін гол усё-такі забілі, але свісток арбітра Аляксея Кульбакова зафіксаваў першую для "Дынама" перамогу ў Суперкубку.

Футбалісты БАТЭ адмаўляліся вешаць сабе медалі за другое месца, а галоўны трэнер Алег Дулуб з цяжкасцю знаходзіў прычыны паражэння. Дэбют ля руля гранда нашага футбола ў яго выйшаў далёка не самым лепшым.

Але Брэст не заўважыў канкурэнта. Гульня каманды ў гэты дзень сапраўды была вельмі высокага класа. Наогул, "Дынама" другі год запар прыемна здзіўляе не толькі сваіх балельшчыкаў, але і нейтральнага, скажам так, гледача. Перфомансы, напрыклад, такі, як зорнае неба, разнастайныя акцыі падчас матчаў, пастаянныя аншлагі, дзіўна насычаны атрыбутыкай фан-шоп і топ-футбалісты па нашых мерках. У Брэста варта павучыцца большасці клубам беларускай эліты.

Сімвалічным стаў гэты эпізод. Былыя футбалісты БАТЭ Аляксандр Гутар і Павел Няхайчык унеслі значны ўклад ў гульню сваёй каманды, брэсцкага "Дынама". Здаецца, што сезон-2018 у нашым футболе атрымаецца яшчэ больш напружаным і непрадказальным, чым сезон-2017. Кандыдатаў на вяршыню зараз хоць адбаўляй.

Першы тур нацыянальнага чэмпіянату пройдзе ўжо 30 сакавіка. Пасля гарачага старту сезона ў гульні за Суперкубак Беларусі мы маем права чакаць працяг.