Матч Беларусь - Германія. Як гэта было?

17 мая 2014

Дзявяты дзень чэмпіянату свету шмат у чым быў лёсавызначальным для нашай зборнай: каб працягнуць барацьбу за выхад у чвэрцьфінал, сёння патрэбная была толькі перамога. І яны стварылі неверагодны прарыў, прадэманстравалі пры гэтым характар. Папярэдні раўнд чэмпіянату свету па хакеі дасягнуў свайго апагею.


Яшчэ больш падрабязнасцяў пра матч Беларусь - Германія - у рэпартажы Андрэя Іванова. Людзі, якія спяшаліся сёння на Мінск-Арэну, практыкаваліся ў простай арыфметыцы. 8 каманд, 6 рэальных прэтэндэнтаў і толькі 4 месцы ў плэй-оф. Зборнай Беларусі сёння трэба было перамагаць у любым выпадку, інакш шанцы выйсці ў накаўт-раўнд станавіліся прывіднымі.


Балельшчыкі ў чаканні дзейства фатаграфаваліся з адным з лепшых гульцоў у гісторыі зборнай Андрэем Скабелкам і дзяліліся сваімі чаканнямі.


Потым да нашай камеры падышоў алімпійскі чэмпіён Пекіна і сярэбраны прызёр Лондана Аляксандр Багдановіч. Пераможам сёння, - падсумоўвае кароткую гутарку спартсмен.


Горача на Мінск-Арэне стала яшчэ да стартавага ўкідання. У выніку стадыён ператварыўся ў адзіны фан-сектар. Каб размяць галасавыя звязкі, часу людзям шмат не спатрэбілася.


Зрэшты, зусім хутка пасля пачатку матча трыбунам прыйшлося сціхнуць. Хоспельт укаціўся ў зону, кінуў і патрапіў.


З пункта погляду псіхалогіі, удар пад дых. Такія шайбы галкіпер павінен браць, без варыянтаў.


Праз 4 хвіліны лік стаў 0:2. Накаўт? У шматлікіх склалася адчуванне, што так.


У ролі ратавальніка зноў выступіў Андрэй Сцяпанаў. Ідэальная камбінацыя ў большасці, перадачы Калюжнага і Грабоўскага - і 1:2. З тым і пайшлі на першы перапынак. Праз 14 хвілін ізноў сваё важкае слова сказаў Андрэй Сцяпанаў, забіваў, праўда, Аляксей Угараў.


А трыбуны працягвалі гнаць каманду наперад. Невядома, што гаварыў у раздзявальні Хэнлан, але каманда здолела ачуняць пасля стартавага правалу. Здолела раззлавацца, не паплыць, як гэта нярэдка бывае ў спорце. 43-я хвіліна матча - 3:2, Міхаіл Грабоўскі.


Амаль праз хвіліну Джэф Плат робіць разрыў больш камфортным. Увесь матч форвард быў непрыметны, але ў патрэбны момант змог вызначыцца.


Складана перадаць словамі, што адбывалася на Мінск-Арэне ў гэтыя хвіліны. Складана ўспомніць, калі каманда гуляла вось так, з душой, самааддана, для сваіх балельшчыкаў. Яны не маглі ашукаць публіку, пэўна, пра гэта гаварыў у раздзявальні Хэнлан. Каманда пачула настаўніка.


Саліравалі тыя, хто гэта павінен рабіць, - лідары. Міхаіл Грабоўскі, якому дапамагаў Сяргей Касціцын, паставіў апошнюю кропку, як і ў пераможным паядынку са Швейцарыяй.


Трыбуны сёння спявалі гімн разам з гульцамі. Невядома, што адбывалася ў раздзявальні зборнай, пэўна, гульцы сышліся на думцы, што з такой самааддачай можна перамагчы любога.


Аўтар пераможнай шайбы Міхаіл Грабоўскі зноў накіраваў семдзесят пяць мільёнаў рублёў школе мінскага Юнацтва. Акцыя, нагадаем, праходзіць пад эгідай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Хочацца верыць, гэтыя грошы - не апошнія, якія пералічваюць беларускія гульцы. Зборная Беларусі паднімаецца на другое месца ў групе В, у панядзелак яшчэ адзін найважнейшы матч - супраць Латвіі.