Маштабныя спаборніцтвы па трыятлоне прайшлі ў Мінску

22 июля 2019
Сёлета арганізатары  прадумалі маляўнічы маршрут - ад Мінскага мора праз цэнтр сталіцы. Пачалася гонка з хуткаснага заплыву, далей атлеты пераадольвалі маршрут на веласіпедзе і апошнім этапам стаў забег. Сотні балельшчыкаў падтрымлівалі спартсменаў уздоўж усёй трасы. У спаборніцтвах прыняли ўдзел і дзеці. Пераможцам на самай складанай дыстанцыі   - адной чацвёртай Ironman - стаў мінчанін Аляксандр Васілевіч. Мінск спартыўны ў  рэпартажы Ільі Цвяткова.

Тысяча чалавек і дыстанцыя 56 кіламетраў - лепшая формула для спартыўных выхадных. Аматары трыятлона змаглі праверыць свае сілы ў адным з самых складаных відаў спорту. Сёлета маштабны забег набыў прэстыжны сусветны статус адной чацвёртай славутай гонкі Ironman. Заяўкі на ўдзел падалі прафесійныя спартсмены і аматары з адзінаццаці краін. Пераадолела няпростую дыстанцыю і наша калега, тэлевядучая Таццяна Нікіціна. Яна рыхтавалася да спаборніцтваў амаль паўгода. 

Атлеты праходзілі маршрут у тры этапы. Спачатку  кіламетр ўплаў, далей заезд на веласіпедах -  45 кіламетраў і да фінішу  кросам - бег 10 кіламетраў. Для пачаткоўцаў была і лайт-версія маршруту - адна восьмая Ironman, дзе  адлегласць кожнага этапа ў два разы карацейшая.

Першая частка марафону пачалася. Гэта заплыў па вадзе на 950 метраў для адной чацвёртай фіналу і 475 для адной восьмай. Галоўная задача для ўдзельнікаў - як мага хутчэй дабрацца да транзітнай зоны. Там яны змогуць пераапрануцца і ўзяць веласіпед, каб пачаць наступны этап.

Масавы забег аб'яднаў усе ўзросты. Напрыклад, для самых маленькіх спартсменаў  (ад 6 да 10 гадоў) падрыхтавалі асобную трасу. А самаму вопытнаму атлету Леаніду Талкачову  сёлета споўнілася 79. 

Трыятлон - складаны від спорту. Асабліва для спартсменаў-пачаткоўцаў. Каб падтрымаць дух і фізічны стан, арганізатары гонкі праводзілі штотыднёвыя трэніроўкі. У “Мінскім трыятлоне» прынялі ўдзел і дзеці з асаблівасцямі развіцця. Іх падрыхтоўкай займалася Аляксандра Герасіменя - прызёр Алімпійскіх гульняў. Юныя спартсмены праплылі 100 метраў і прабеглі 1 кіламетр  у суправаджэнні трэнераў.