Максім Мірны святкуе 40-гадовы юбілей

6 июля 2017

Алімпійскі чэмпіён і 10-разовы пераможца турніраў Вялікага Шлема Максім Мірны сёння святкуе 40-гадовы юбілей. Уладальнік прэміі Tennis Europe Award за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю тэніса ў Еўропе па-ранейшаму ў страі і завяршаць кар'еру пакуль не збіраецца. Аб чым сам расказаў у эксклюзіўным інтэрв'ю нашай калеге Ганне Эйсмант.

Тэнісная гісторыя Макса Мірнага на турнірах АТП пачалася ў 1996 годзе, і тады мала хто мог уявіць, што яна выльецца ў бліскучую кар'еру даўжынёй больш як 20 гадоў! Максім і ў свой 40-ы дзень нараджэння ўсё яшчэ на корце, у кампаніі наймацнейшых гульцоў.

Для Максіма Мірнага цяперашні Уімблдон ужо 21-ы ў кар'еры! Напярэдадні ён сам сабе зрабіў найлепшы падарунак да Дня нараджэння, адсвяткаваўшы перамогу ў першым крузе.

Аб тым, як Максу ўдаецца трымаць сябе на такім высокім прафесійным узроўні, мы пагаварылі з ім яшчэ ў маі ў Парыжы на юбілейным - 20-ым для яго Roland Garros

А пачалося ўсё ў далёкія 90-ыя на мазаўскіх кортах, куды маленькага Макса прывёў яго бацька, Мікалай Мірны. 13-гадовым хлапчуком -найлепшым у сваім узросце ў Савецкім Саюзе - ён разам з трэнерам Аркадзем Эйдэльманам паехаў у ЗША, дзе неўзабаве трапіў у акадэмію Ніка Балецьеры - таленавітаму беларускаму хлопчыку было прапанавана прайсці бясплатнае навучанне ў знакамітай на ўвесь свет Акадэміі тэніса.

Зорная гадзіна Максіма Мірнага наступла ў 98-ым, калі беларус у пары з 16-гадовай Серэнай Уільямс выйграў два турніры Вялікага Шлема - Уімблдон і US Open. Ён паспяхова гуляў міксты з Андрэа Главачкавай, Марцінай Наўрацілавай, Ганнай Курнікавай.

У свае 30, калі ўсё раілі Максу сканчаць, ён у пары з Вікторыяй Азаранкай перамагае на Адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе.

У 2012 на АІ ў Лондане ўжо стаўшая першай ракеткай свету Азаранка і першы ў парным рэйтынгу Мірны аб'ядналіся, каб усяму свету даказаць, што на той момант менавіта яны, як ніхто, годныя залатога медаля.

Мірны на працягу доўгага часу быў грозным сапернікам у адзіночным разрадзе і свой час абгульваў такіх зорак, як Піт Сампрас, Кафельнікаў, Сафін, Х’юіт, Федэрэр, у тым ліку і на шляху да свайго адзінага тытула ў адзіночным разрадзе. І паралельна стаў адным з лепшых парных гульцоў сучаснасці! 49 перамог на турнірах і амаль столькі ж фіналаў! 10 выйграных турніраў Вялікага Шлема, двойчы пакараліся выніковыя турніры АТП. 57 тыдняў ён быў першай ракеткай свету ў мужчынскім парным рэйтынгу. Вар'яцкая працаздольнасць і цягавітасць - вызначальныя рысы Мірнага-тэнісіста!

Уладзімір Валчкоў успамінае гістарычны матч з камандай Германіі ў Кубку Дэвіса, калі наша зборная ўпершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў сусветную групу!

А пасля былі легендарныя ўжо матчы з Расіяй і Аргенцінай і выхад у паўфінал Кубка Дэвіса.

Мірны выступае за каманду Беларусі 23 гады. У красавіку цяперашняга года Макс правёў за зборную 54 матч! І рыхтуецца згуляць у верасні супраць Швейцарыі зноў за выхад у сусветную групу.

Ён і ў асабістым жыцці ставіць рэкорды - у Максіма і яго жонкі Ксеніі чацвёра дзяцей - дзве дзяўчынкі - Мелання і Петра і два хлопчыкі - Дзямід і Трафім.

Макс Мірны - гэта спартыўная візітоўка Беларусі, вядомы брэнд ва ўсім свеце! І ён гатовы працягваць у тым жа духу. Бо ў 40, гавораць, усё толькі пачынаецца.

Больш падрабязна аб бліскучай кар'еры легендарнага беларускага тэнісіста, эксклюзіўнае відэа і каментарыі - у "Галоўным эфіры" ў гэту нядзелю на "Беларусь 1"