Лыжаролерная траса ў Мінску сёння прымае першых наведвальнікаў

27 ноября 2019
І навіна для аматараў  зімовых  відаў спорту. Сёння  адкрыла  новы сезон мінская лыжаролерная траса у Вяснянцы. У найбліжэйшыя дні падрыхтуюць пляцоўку для масавага старту. Працуе і пункт пракату. Спартыўны інвентар сёлета абнавіўся на 80 %.

На адкрыцці лыжнага сезона пабываў Ілья Цвяткоў.

У Мінску ідзе першы снег. А на сталічнай лыжаролернай трасе ўжо намяло сапраўдныя гурбы - спецтэхніка і снежныя пушкі працавалі тут з самага ранку. І цяпер траса да новага зімовага сезона гатова.

Для катання на лыжах цалкам падрыхтавана снежная дарога працягласцю  550 метраў. На ўкладку каляіны вышынёй  70 сантыметраў спатрэбіўся амаль тыдзень. Свежую трасу паспелі ўжо апрабаваць аматары зімовага спорту.

Калі мінусавая тэмпература захаваецца,  у найбліжэйшыя дні лыжную кальцавую падоўжаць  да 5 кіламетраў. Для мінчан арганізуюць і снежныя горкі для катання на цюбінгах і санках. 

Траса гатова прымаць лыжнікаў з 9 да 21:00 штодзень. А ахвотнікам зарадзіцца бадзёрасцю перад пачаткам працоўнага дня дазваляюць зрабіць некалькі заездаў і да адкрыцця,  нават а шостай раніцы. 

Тым, хто не мае асабістай спартыўнай экіпіроўкі,  хвалявацца не варта. На тэрыторыі трасы працуе пракат лыж - у будні з 13:00, а ў выхадныя з 10:00 да 21:00.