Аматары двухколага транспарту адкрылі веласезон у Заслаўі

13 мая 2019

У гэтыя выхадныя на цэнтральнай плошчы горада стартаваў абласны велакарнавал пад назвай «Віва Ровар». Свята ўжо традыцыйнае – праводзіцца чацвёрты раз. З удзельнікамі велазаезду па маршруце праехаў і наш карэспандэнт Ілья Цвяткоў.

Велазаезд для Ягора Нікольскага пачаўся раней, чым для астатніх удзельнікаў. Каб трапіць у Заслаўе і далучыцца да абласнога велакарнавалу, сямігадовы хлопчык праехаў разам з бацькамі на двухколым транспарце амаль шэсцьдзясят кіламетраў з Дзяржынскага раёна. У заездзе ўдзельнічае ўжо другі раз. 

Чацвёрты раз Заслаўе прымае маштабны парад аматараў экатранспарту. Такім чынам у Мінскай вобласці афіцыйна адкрыты веласезон-2019. Удзельнікі пераадолелі дыстанцыю на дзесяць кіламетраў. Гэтым разам трэк-малюнак сабраў самыя маляўнічыя вуліцы горада.

Сёння ўсе прыехалі на сваіх роварах: тут і прафесійныя, і аматарскія, і нават дзіцячыя. Галоўным патрабаваннем для веласіпедаў падчас прабегу з'яўляецца іх добры тэхнічны стан, а для ўдзельнікаў – выкананне правіл дарожнага руху. 

На дыстанцыю велакарнавалу выехалі піраты, фантастычныя жывёлы і казачныя персанажы. Усяго зарэгістраваліся амаль шэсцьсот удзельнікаў.

Кожны раён вобласці актыўна рыхтуецца да спартыўнага лета. Адкрыццё веласезона – гэта толькі пачатак. Так, вяслярны канал у Заслаўі - адзін з аб'ектаў ІІ Еўрапейскіх гульняў. Ён стане месцам правядзення спаборніцтваў па веславанні на байдарках і каноэ.