Любіце спорт і будзьце разам з рубрыкай "Матчбол"

28 июня 2021

Арына Сабаленка ўпэўнена стартавала на Уімблдоне. У першым крузе прэстыжных спаборніцтваў мінчанка перамагла Моніку Нікулеску з Румыніі. Парадавалі і баскетбалісткі жаночай зборнай Беларусі на мінулым тыдні. Рубрыка "Матчбол" працягне спартыўную тэму.

Футбол, безумоўна, у авангардзе спартыўных падзей. Салігорскі “Шахцёр”, нарэшце, страчвае ачкі ў чэмпіянаце краіны - "гарнякі" ў суботу не здолелі перайграць “Дынама-Брэст”.

Ахмедзі лік адкрыў, гаспадары павінны былі павялічваць лічбы на табло, аднак футбалістам то не хапала дакладнасці, то мяч трапляў у штангу. Як вынік - сваёй адзінай магчымасцю скарысталіся госці. Станіслаў Беленькі аднавіў раўнавагу і, як аказалася, паставіў кропку ў гульні, 1:1.

Яшчэ адзін прэтэндэнт на медалі – барысаўскі БАТЭ – выдатнай магчымасцю стаць бліжэй да "Шахцёра" ўпэўнена скарыстаўся. Жоўта-блакітныя на хатняй арэне разграмілі жодзінскае "Тарпеда", 3:0. У турнірнай табліцы барысаўчане адстаюць ад "гарнякоў" на 5 балаў.

Жаночая зборная Беларусі па баскетболе тым часам прыемна здзівіла на чэмпіянаце Еўропы - наша каманда фінішавала на чацвёртым месцы.

Больш за тое,  гэты вынік сенсацыйны - мы перамаглі Іспанію, два разы Швецыю, а ў паўфінале саступілі Францыі. На жаль, у паядынку за бронзавыя медалі ва ўпартай барацьбе беларускі саступілі Бельгіі. Нашы дзяўчаты ў нічыю звялі другую чвэрць, перамаглі ў чацвёртай, аднак гэтага не хапіла для агульнай вікторыі. 77:69  - перамога Бельгіі.

Дзякуючы гэтаму выніку  зборная Беларусі гарантавала сабе ўдзел у чэмпіянаце свету, які пройдзе ў Аўстраліі. Нагадаем, лепшым вынікам для нашай каманды з'яўляецца трэцяе месца на Еўрабаскеце 2007 года.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за чэмпіянатам Еўропы па футболе. Вашай увазе плэй-оф, паралельна цікавімся тэнісам - Уімблдонам. У пятніцу ў сталіцы стартуе этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. Усё гэта, зразумела, вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.