Лонданскі "Арсенал" прыляцеў у Беларусь. Заўтра на полі "Барысаў-Арэны" матч супраць БАТЭ

13 февраля 2019

Сапраўды гістарычныя падзеі ў гэтыя дні разгортваюцца і вакол футбола. Сусветны гранд - лонданскі "Арсенал" - прыляцеў у Беларусь. Заўтра на полі "Барысаў-Арэны" матч супраць БАТЭ. Бясспрэчна, паядынак выклікае павышаную цікавасць. І сярод балельшчыкаў, і сярод журналістаў (ужо акрэдытаваліся больш за 100 прадстаўнікоў СМІ). Ажыятаж падагравае і той факт, што для БАТЭ - гэта трэцяя спроба ў плэй-оф Лігі Еўропы. Андрэй Казлоў правёў дзень з беларускім клубам, а здымачная група Агенцтва тэленавін сустрэла "Арсенал" у Нацыянальным аэрапорце Мінск.

 

Жарты, што матч паміж барысаўскім БАТЭ і лонданскім "Арсеналам" пройдзе ў Дзень усіх закаханых, дасягнулі апагею напярэдадні гульні. У дыскусію ўмяшаўся нават галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага, які з уласцівым яму гумарам, расставіў усе кропкі над "і".

Медыядзень для БАТЭ пачынаўся ў сталіцы. У Барысаў на прэс-канферэнцыю мы яшчэ вернемся. Чэмпіёны Беларусі з'явіліся на сінтэтыцы стадыёна ФК "Мінск" перад вялікай групай журналістаў у выдатным настроі. З такім жа і праводзілі першыя 15 хвілін, на якіх магла прысутнічаць прэса.

Вядома ж, усе чакалі Аляксандра Глеба, які выступаў у "Арсенале" ў пачатку стагоддзя, і пасля не раз прызнаваўся ў любові да гэтага клуба. Аднак зараз у камандзе не засталося нікога, з кім ён у свае лепшыя гады выходзіў на поле.

БАТЭ і "Арсенал" сустракаліся ў Лізе Еўропы, але ў рамках групавога этапа, увосень 2017-га. Вынікі і ход той сустрэчы пакінуў для нас пачуццё недаказанасці. Барысаўчане саступілі, але ў цэлым выглядалі цікава, і змаглі нават забіць двойчы.

Наогул з англійскімі клубамі БАТЭ гуляе па-рознаму. Наўрад ці хтосьці забыў перамогу над "Эвертанам" у снежні 2009 года. А гэтай восенню жоўта-сінія на хатняй арэне з іншым лонданскім клубам - "Чэлсі" - гулялі не ад абароны, і саступілі ўсяго з лікам 0:1.

Ужо бліжэй да вечара пасля дзённай трэніроўкі на прэс-канферэнцыю галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага прыбыў у кампаніі з пачаткоўцам Боянам Дубаічам. У такі перыяд часу журналістаў цікавіў не толькі фізічны стан каманды, у цэлым, склад, які за зіму прыкметна змяніўся, але і якасць натуральнага газона на "Барысаў-Арэне".

Арганізатары матча з УЕФА перажываюць за якасць газона. І на прафесійную камеру прапанавалі пакуль не здымаць. Мабыць, жадаюць максімальна прэзентабельнага выгляду, і заўтра падчас тэлетрансляцыі на "Барысаў-Арэне" ўсе ўпэўняцца, што з газонам на "Барысаў-Арэне" будзе ўсё добра.

"Арсенал" па традыцыі вырашыў не праводзіць перадгульнявую трэніроўку на гасцявым полі, і прыляцеў фактычна за суткі да пачатку матча. Прэс-канферэнцыю галоўны трэнер Унаі Эмеры і варатар Пётр Чэх правялі проста ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. У прыватнасці, з яе мы даведваемся, што па-ранейшаму траўміраваны Аарон Рэмсі, пад пытаннем выхад на поле Азіла, і не прыляцеў з камандай Абамеянг.

 

На дадзены момант прададзена парадку 11 тысяч білетаў, а гэта значыць, магчымасць трапіць на "Барысаў-Арэну" яшчэ ёсць. Па традыцыі будзе і бясплатная дадатковая электрычка, якая пройдзе па маршруце Барысаў - Мінск пасля матча, і возьме курс да сталіцы ў 23:25. Да стартавага свістка матча БАТЭ - "Арсенал" застаецца меней за суткі. Прамая трансляцыя заўтра ў 20:45 на тэлеканале "Беларусь 5".