Легенды біятлона на трасе ў Раўбічах

18 февраля 2019

Усяго некалькі гадзін застаецца да старту "Гонкі легенд". Менавіта яна адкрые вялікі біятлонны тыдзень. Гэтым разам спаборніцтвы пройдуць не на лыжаролерах, як раней, а непасрэдна на снезе. Эстафету знакамітых спартсменаў ужо ў сераду падхопяць удзельнікі чэмпіянату Еўропы. І, вядома, самы кранальны момант: сёння з прафесійным спортам развітаюцца нашы алімпійскія чэмпіёнкі - Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна. 

Поўдзень нядзелі. У Раўбічах кіпіць біятлоннае жыццё. Выдатны Халвард Ханеволь усміхаецца - у нарвежца цудоўны настрой, гэтак жа, як і ў Карын Аберхофер. "Гонка легенд" дала магчымасць знакамітым гульцам ізноў адчуць запал сапраўднай спартыўнай барацьбы. 

Чатырохразовы чэмпіён свету Уладзімір Драчоў сёння кіраўнік Саюза біятланістаў Расіі, некалі выступаў і пад беларускім флагам. Спартыўны функцыянер распавёў, што ён і далей будзе падтрымліваць Раўбічы пры галасаванні за права правесці ў спарткомплексе этап Кубка свету. Нягледзячы на свой каласальны вопыт, Уладзімір Драчоў трэніроўкай не грэбуе, як яшчэ адна легенда - Уле-Эйнар Б’ёрндален. 

А ўжо вечарам удзельнікі "Гонкі легенд" змянілі трэніровачныя камбінезоны на вячэрнія сукенкі і смокінгі. У адным са сталічных гатэляў у неверагодна цёплай атмасферы прайшла святочная вячэра, прысвечаная не толькі будучаму старту, але і провадам з прафесійнага спорту Дар'і Домрачавай і Надзеі Скардзіны. Сярод запрошаных гасцей аказаліся прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, трэнеры, родныя і блізкія. Нашы алімпійскія чэмпіёнкі падзякавалі кожнаму, хто быў побач на працягу ўсёй кар'еры, хто дапамагаў паднімацца на п'едэстал і заўсёды верыў і падтрымліваў. 

Сённяшні біятлонны дзень пачнецца з майстар-класа для снежных снайпераў. Усе фіналісты, якія тыдзень таму змагаліся на гэтых жа трасах за свае ўзнагароды, атрымалі запрашэнне на "Гонку легенд". 

У 17:00 - урачыстая цырымонія адкрыцця спаборніцтваў і чэмпіянату Еўропы. Пасля два мас-старты з дзвюма агнявымі межамі, па выніках якіх будуць сфарміраваны пары для змяшанай эстафеты.

Для тых, хто захоча ўбачыць легенд біятлона асабіста, ад станцыі метро "Барысаўскі тракт" у Раўбічы з 15:00 будзе арганізаваны прыгарадны экспрэс-маршрут. Акрамя таго, у прамым эфіры старты пакажа "Беларусь 5". Пачатак трансляцыі ў 16:30. А вось пасля гонак нас чакае ўсё ж сумны момант: Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна ў афіцыйна развітаюцца з вялікім спортам.