Легендарны Дыега Марадона стаў часткай беларускага футбола

16 мая 2018

Кумір мільёнаў падпісаў кантракт з брэсцкім "Дынама". Зараз аргенцінец - старшыня праўлення беларускага футбольнага клуба.

У сваім "Інстаграме" Дыега Марадона напісаў, што будзе кіраўніком і падзякаваў за давер: "Гэта для мяне дасягненне". Інфармацыя з'явілася і ў "Твітары" брэсцкага "Дынама". Аргенцінец падпісаў кантракт на 3 гады. Марадона будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця клуба, а таксама ўзаемадзейнічаць з яго структурнымі падраздзяленнямі, уключаючы дзіцячую акадэмію "Дынама-Брэст". Футбаліст пачне выконваць свае абавязкі адразу пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Расіі. А зараз - эксклюзіўныя кадры Агенцтва тэленавін, якія знялі адразу пасля падпісання пагаднення.

Марадона з'яўляецца найвялікшым футбалістам свету і запатрабаваны нават пасля завяршэння кар'еры. Пасля сыходу з "Эль-Фуджайры" (клуб прадстаўляе Аб'яднаныя Арабскія Эміраты) аргенцінец атрымаў прапановы з Турцыі, Кувейта і Аравіі, але выбраў Беларусь. Цікавы і той факт, што Марадона і брэсцкае "Дынама" - аднагодкі: клуб і вялікі футбаліст з'явіліся на свет у 1960-м. 22 мая ў Абу-Дабі пройдзе прэс-канферэнцыя Дыега ў новым статусе.

Вольга Хіжынкова, прэс-сакратар ФК "Дынама-Брэст":

"У Дыега існуе шэраг абавязацельстваў на дадзены момант. Бягучых і кантрактаў. Таму фізічна прысутнічаць у Брэсце пастаянна ён не зможа. Але ён мае намер пагрузіцца ў структуру клуба, прысвячаць гэтаму вялікую колькасць часу. Для таго каб разабрацца. Для таго каб надаць увагу ўсім структурным падраздзяленням".

Анатоль Байдачны, экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе:

"Можа быць, Марадона здолее абудзіць наша спячае футбольнае балота. Я мяркую, з ім будзе весела, таму што, па-першае, людзі, вядома, будуць хадзіць на футбол для таго, каб проста ўбачыць Марадону. Гэта адзін з лепшых футбалістаў, за ўсю гісторыю існавання гэтай выдатнай гульні. Таму я думаю, што гэта вельмі добры піяр-ход".

Футбольныя подзвігі Марадоны вядомыя кожнаму балельшчыку. Гэта Кубак свету 1986-га і цудоўныя галы, і нават знакамітая "рука Бога" - мяч, забіты не па правілах. Геній і ліхадзей - Марадона адной сваёй прыналежнасцю да Брэста, несумнеўна, дадасць інтрыгі да чэмпіянату Беларусі.