"Юнацтва" бярэ Кубак Прэзідэнта

2 апреля 2016

Адзначым, у папярэднія два сезоны  "Юнацтва" таксама гуляла ў фінале, але абодва разы  саступала  "Нёману" і таму ж "Шахцёру". Але гэтым разам - перамога! Як гэта было  - у рэпартажы Алены Гарэльчык.

2014. "Чыжоўка-Арэна".  Кубак Прэзідэнта ў руках хакеістаў гродзенскага "Нёмана". У 2015 трафей паднімаюць ужо гульцы салігорскага "Шахцёра". Абодва разы ў фінале гуляе  "Юнацтва", і два гады запар вырашальны матч серыі выпадае на хатнюю арэну сталічнай каманды. У праклён "Чыжоўка-Арэны" стараюцца не верыць. Але прыметы ёсць - не галіць бароды, не даваць інтэрв'ю, хіба што толькі пасля перамогі.

Дзеючы на дзень 1 красавіка  ўладальнік трафея супраць самага тытулаванага клуба Беларусі. Бітва самых моцных. Летась фінальная серыя змясцілася ў мінімальную колькасць матчаў. "Юнацтва" прайграла ўсе 4. Гэта была не проста прага рэваншу. 

Кожны матч фіналу, ці то гульня на "Чыжоўка-Арэне" ці то ў Салігорску, як хакейная драма. Часам усё вырашала адна закінутая шайба або гуляць даводзілася нават не адзін, тры авертаймы. І гэта лепшая рэклама - трыбуны, напрыклад, у Салігорску запоўнены поўнасцю.

Пасля любога з матчаў на тварах хакеістаў  няма эмоцый і не скажаш, хто сёння выйграў або прайграў. Таму што ўсе эмоцыі засталіся на лёдзе.

3-1 на карысць "Юнацтва" перад пятай сустрэчай на "Чыжоўка-Арэне". На другой у краіне па змяшчальнасці лядовай пляцоўцы аншлаг. За бітвай на лёдзе назірае Кіраўнік дзяржавы.  "Юнацтва" да пачатку трэцяга перыяду вядзе ў тры  шайбы, але "Шахцёр" здавацца не прывык і паказвае характар. За паўтары хвіліны да заканчэння асноўнага часу матча на табло 4-3.

Аляксандр Абакунчык кідаецца пад шайбу. Хакеіст атрымлівае траўму, але ратуе сваю каманду. Балельшчыкі "Юнацтва" ўжо  ва ўвесь голас спяваюць "Чэмпіёны".

 

"Юнацтва" з трэцяй спробы на хатняй арэне бярэ Кубак Прэзідэнта, выйграўшы тым самым сёмы тытул, а разам з ім  і права гуляць у хакейнай Лізе чэмпіёнаў. Хакеісты прымаюць віншаванні прама на лёдзе.

 

Для трыа са стана чэмпіёнаў - Дзямкова, Хенкель і Дзюкава - гэты фінал выдатная праверка. Хакеісты сталічнай каманды пад увагай Люіса - настаўніка нацыянальнай зборнай. Чэмпіянат свету ўсё ж не за гарамі.

 

Сёлета хакейная драма вырашылася на карысць "Юнацтва", але выйгралі ўсе. "Шахцёр" атрымаў дадатковую матывацыю, балельшчыкі - рэальнае  задавальненне ад лядовай гульні. Поўныя трыбуны таму пацвярджэнне.