Кубак свету па біятлоне завершыцца заўтра двума мас-стартамі

19 марта 2016

Год таму краіна радавалася за Дар'ю Домрачаву, якой удалося выйграць Вялікі хрустальны глобус. Цяперашні сезон беларуска вырашыла прапусціць, і ў яе адсутнасць званне лепшай біятланісткі планеты сёння сабе забяспечыла Габрыэла Соўкалава з Чэхіі. Дарослая зборная Беларусі апошнім часам дае мала падстаў для радасці, затое добрыя навіны прыходзяць з юніёрскага чэмпіянату Еўропы ў Славеніі. Гэта і ёсць тое самае святло ў канцы тунэлю, лічыць наш карэспандэнт Павел Капуцкі.

Дар'я Домрачава, нібы нешта даўно сваё, роднае, абдымае Вялікі хрустальны. Здаецца, так будзе заўсёды, і медалі не спыняць падаць у беларускую скарбонку.

Шмат у чым вымушаны пропуск сезона Дар'яй для каманды становіцца іспытам. А ці змогуць без Домрачавай? Змяненні адбыліся і ў трэнерскім штабе: аўстрыец Альфрэд Эдэр пайшоў, Уладзімір Каралькевіч - прыйшоў.

Сезон выйшаў зебрападобны: са светлымі і цёмнымі палосамі, але без стабільнасці і без медалёў. У тым ліку на чэмпіянаце свету ў Халменколене.

Наша Надзея Скардзіна - адна з самых дакладных спартсменак у сучасным біятлоне. Менавіта ёй належыць рэкордная серыя: 22 агнявыя рубяжы без промахаў. На апошнім чэмпіянаце свету ў Халменколене беларуская каманда ў змяшанай эстафеце выкарыстала ўсяго адзін дадатковы патрон. Таксама рэкорд. Выходзіць, праблема не ў стральбе.

На заключным этапе Кубка свету ў расійскім Ханты-Мансійску сёння прайшлі гонкі праследавання. У жанчын Надзея Скардзіна 15-я. Ірына Крыўко - 23-я. Сярод мужчын лепшы з нашых Аляксандр Дарожка - 24-я пазіцыя. Вялікі хрустальны глобус па выніках сезона заваявалі чэшка Габрыэла Соўкалава і француз Мартэн Фуркад.

Заўтра Кубак свету завяршаецца двума мас-стартамі. Прамыя трансляцыі на "Беларусь 2" і "Беларусь 5".

А біятлонныя медалі ў Беларусі ўсё ж ёсць. Віктар Крыўко сёння на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы ў Славеніі выйграў другое золата. Услед за перамогай у індывідуальнай гонцы ён стаў лепшым у спрынце.