Прыгожая, заслужаная і важная перамога Вікторыі Азаранкі

21 марта 2016

Прыгожая, заслужаная і неверагодна важная. Гэта ўсё пра перамогу Вікторыі Азаранкі на прэстыжным тэнісным турніры ў амерыканскім Індыян-Уэлсе. У фінале беларуска сустракалася з гаспадыняй кортаў, першай ракеткай свету Серэнай Уільямс. Амерыканка ў букмекераў лічылася безумоўным фаварытам. Азаранка не магла яе абгуляць са жніўня 2013 года. Не на карысць Вікторыі былі і суадносіны асабістых сустрэч, 3:17. Тэлеканал "Беларусь 5" напярэдадні вёў прамую трансляцыю з Індыян-Уэлса. Павел Капуцкі, як і тысячы беларусаў, глядзеў матч і хваляваўся за яго вынік.

Абгуляць лепшую тэнісістку свету і прымусіць апладзіраваць 16-тысячную арэну, якая хварэла не за цябе. 19-ы трафей Азаранкі на топ-турнірах аказаўся цяжкім. Ва ўсіх сэнсах.

Беларуска настроена рашуча - гэта стала зразумела ўжо ў першым гейме, калі Серэна на сваёй падачы не ўзяла ні аднаго ачка.

Ураджэнка Фларыды, вядома, спрабавала, але зрабіць нешта з мінчанкай не змагла. Гледачы ўбачылі шмат шыкоўных розыгрышаў. І Азаранка выйграла большую частку з іх.

Вікторыя Азаранка, 8-я ракетка свету:

"Я не магу адказваць за іншых, але часта бачу, як тэнісісткі прайграюць Серэне, яшчэ не выйшаўшы на корт. А я нікога не баюся. Мне падабаюцца гэтыя выпрабаванні. Хтосьці, можа, хацеў бы іх пазбегнуць, а я жыву дзеля іх".

Першую партыю Азаранка выйграла 6:4. Калі ў другой беларуска павяла 3:0 Уільямс стрымліваць незадаволенасць перастала.

Вікторыя зрабіла тое, што звычайна з ёй робіць Серэна: вывела саперніцу з раўнавагі. Амерыканка не проста нервавалася, яна зламала дзве ракеткі і была аштрафавана суддзёй. У бітве супастаўных па класе спартсменак перамагла тая, якая лепш гатовая псіхалагічна.

Ведучы 5:1, беларуска ледзь не страціла ніці. 5:4. Публіка ажывілася. І хутка супакоілася. Вынік: 6:4 у абедзвюх партыях.

Вікторыя Азаранка, 8-я ракетка свету:

"Дзякуй маёй камандзе. Дзякуй Серэне. Ты дзіўная спартсменка, якая змяніла гульню пад назвай "тэніс". Людзі вакол прымушалі мяне ўсміхацца на працягу ўсяго турніру. Балельшчыкі, я ведаю, вы хварэлі за Серэну, хацелі, каб перамагла менавіта яна. Але я ўсё роўна вам удзячная".

Індыян-Уэлс Тэніс Гардэн стоячы апладзіраваў беларусцы. Гаворачы аб складанасці моманту і выказваючы падзяку роднай публіцы, амерыканка не стрымала эмоцыі.

Вікторыя Азаранка зарабіла мільён долараў прызавых і 1000 рэйтынгавых ачкоў, якія дазволілі ёй упершыню за два гады вярнуцца ў топ-10 планеты.

Беларуска паднялася з 15-га на 8-е месца. На яе рахунку 3595 ачкоў. Лідар па-ранейшаму Серэна Уільямс, у найбліжэйшы час ніхто яе не адсуне. Агнешка Радванска і Ангеліка Кербер на другім і трэцім радках адпаведна.

У чэмпіёнскай гонцы (там улічваюцца толькі вынікі бягучага сезона) Азаранка і зусім на трэцяй пазіцыі.

Пераможніца юніёрскага Australian Open Вера Лапко аб перамогах на дарослых турнірах накшталт Індыян-Уэлса пакуль толькі марыць. Вікторыя для яе - выдатны прыклад.

З перамогай восьмую ракетку свету павіншавала трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава. "Віншаванні Віцы!!! 6:4 Выдатная праца! Узрушаючая гульня!" - напісала біятланістка на старонцы ў Instagram.

Абнавіла сацсетку і Азаранка. "Лепшая фотабомба", - напісала тэнісістка каля фатаграфій, дзе яны з Серэнай быццам як і не саперніцы.

На турніры ў Маямі, які стартуе ўжо на гэтым тыдні, Азаранка і Уільямс-малодшая трапілі ў розныя паловы сеткі. Гэта значыць раней за фінал не згуляюць. Але зараз зразумела, якога матча амерыканская публіка будзе чакаць.