Сярод намінантаў - прызёры буйных афіцыйных міжнародных спаборніцтваў, якім удалося заявіць пра сябе на ўвесь свет.
За каго свае галасы аддалі прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні-2015" Юзары і Маймуна - рэпартаж Іны Пілевіч.
У яго быў шанц трапіць у юніёрскую зборную па футболе, а яна марыла закруціцца на каньках. Але спявак Юзары і скрыпачка Маймуна аддалі перавагу музыцы. Сёння прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні-2015" ставяць рэкорды прама на сцэне - бяруць высокія ноты і спаборнічаюць у хуткасці ігры на інструменце. Для артыстаў спорт стаў хобі, абодва сочаць на экранах за найбуйнейшымі спаборніцтвамі.
Uzari, прадстаўнік Беларусі на "Еўрабачанні-2015": "Займаўся футболам, займаўся адзінаборствамі, за многімі відамі спорту сачу, вядома, але апошнім часам асабліва за біятлонам. Бачыў Дашу Домрачаву, як яна свой трыумф узяла. Гэта выдатна. Прыкоўвае погляд".
Дуэт вырашыў аддаць свой голас у конкурсе "Трыумф. Героям спорту". Выбар няпросты - па 8 прэтэндэнтаў у кожнай катэгорыі: "Каманда года", "Спартсмен года", "Спартсменка года", "Трэнер года". Хоць у кожнага свой бюлетэнь для галасавання, Юзары і Маймуна сышліся ў меркаванні - аднолькава ставяць галачку насупраць імя Дар'я Домрачава.
Maimuna, прадстаўніца Беларусі на "Еўрабачанні-2015": "Вельмі люблю біятлон. Мы ўсёй сям'ёй сочым за ўсімі спаборніцтвамі і вельмі перажываем. Асабліва за Дашу Домрачаву. Яна выдатная, моцная спартсменка. У яе вялізная сіла волі і імкненне да перамогі".
У сваю чаргу трохразовая алімпійская чэмпіёнка 2014 па біятлоне, нягледзячы на сваю занятасць, сочыць за "Еўрабачаннем". Вядомая спартсменка часта праводзіць час на зборах за мяжой. Таму падчас песеннага конкурсу ў маі зможа адправіць свой голас за Юзары і Маймуну.
Дар'я Домрачава, трохразовая чэмпіёнка зімовых Алімпійскіх гульняў - 2014: "Гэта выдатнае шоу, на якім сапраўды можна ўбачыць шмат годных выступленняў, шмат талентаў, якія ў будучыні становяцца вялікімі зоркамі сусветнага шоу-бізнесу. Мы ўсёй нашай камандай вельмі спадзяёмся, што нашы прадстаўнікі з песняй "Тайм" выступяць годна на конкурсе і пакажуць усё, на што яны здольныя і нават больш".
Упершыню ў гісторыі праекта "Трыумф. Героям спорту" ў балельшчыкаў ёсць магчымасць прагаласаваць у Інтэрнэце. Падтрымаць свайго трыумфатара можна да 31 студзеня. Вынікі стануць вядомыя 15 лютага. Лаўрэатаў вызначаць і прафесіяналы па 4-х дадатковых намінацыях.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Трыумф. Героям спорту" адбудзецца ўжо пяты раз. Лідараў галасавання павіншуюць 25 лютага ў сталічным Палацы спорту.














