Каманда Прэзідэнта стала трыумфатарам дзявяты раз

8 января 2016

12-ы год запар Мінск аказваецца ў віры хакейных баталій. Па традыцыі ў пачатку студзеня ў нашай краіне праходзіць Калядны міжнародны турнір па хакеі на прыз Прэзідэнта Беларусі. Спаборніцтвы лічацца неафіцыйным чэмпіянатам свету сярод аматараў. З кожным годам форум набывае ўсё большую папулярнасць і становіцца больш сур'ёзным са спартыўнага пункта погляду. Пры гэтым у балельшчыкаў ёсць унікальная магчымасць бачыць цэлы россып яркіх і знакамітых хакеістаў мінулага. Многія з іх паабяцалі прыехаць да нас і ў наступным годзе. Упершыню ўсе матчы турніру прайшлі на лядовых пляцоўках аднаго спарткомплекса "Чыжоўка-Арэны". Менавіта тут каманда Кіраўніка дзяржавы стала трыумфатарам дзявяты раз. Пра свята, з якім не хочацца развітвацца, - Алена Гарэльчык.

"Мы прыехалі сюды перамагаць", - адразу пасля прылёту заявілі славакі. Свае намеры пацвердзілі, узяўшы на борт Любаміра Сякераша, Мартына Штрбака, Івана Дропа і Міраслава Шатана, за плячыма апошняга больш за тысячу матчаў у НХЛ. Два гады таму ў маі 2014 ён яшчэ гуляў за нацыянальную зборную сваёй краіны тут, у Мінску.

Паядынак са славакамі на групавым этапе стаў для беларускай каманды самым складаным.

Тое, што славакам не атрымлівалася зрабіць некалькі гадоў, гэтым разам атрымалася. Гэта той выпадак, калі жаданні супалі з магчымасцямі. У матчы за трэцяе месца Шатан і кампанія абяззброілі шведскіх хакеістаў з лікам 17:3. Два гульцы з ліку бронзавых прызёраў атрымалі персанальныя прызы. Міраслаў Шатан стаў лепшым нападаючым, Марэк Уран - бамбардзірам.

XII Калядны турнір - асаблівы. Узяць хоць бы склад фіналу. Фіны патрапілі сюды ўпершыню, хоць гэтая каманда часцей за іншых, а менавіта шэсць разоў, выйгравала бронзу.

І беларусы, і фіны да фіналу не прайгралі на турніры ні аднаго матча. Козыр гасцей - іх варатар, каманда Фінляндыі апынулася самай непрабіўной. На баку гаспадароў - моцная падтрымка трыбун і вера балельшчыкаў у сваю каманду.

Фіны закінулі першымі, ужо на пятай хвіліне стала зразумела: фінал будзе жорсткім, нервовым і напружаным. Беларусы атакавалі, штораз узмацняючы свой націск. Фінаў ратаваў то варатар, то штанга, нарэшце, абарона гасцей здалася. У другім перыядзе беларусы зраўнялі лік.

Даніэль Корса, які паўдзельнічаў у першай шайбе беларусаў, у трэцяй дваццаціхвілінцы закінуў сам. І гэты момант стаў вырашальным. 2:1 - перамога гаспадароў.

Абяцалі вярнуцца не толькі фіны. Узмацніцца ў 2017 плануюць славакі, зноў пазмагацца за золата збіраюцца фіны. Па вопыт абавязкова прыляцяць хакеісты з ААЭ. Спартыўным функцыянерам з гэтай краіны Калядны турнір даў магчымасць яшчэ бліжэй пазнаёміцца з Беларуссю і правесці некалькі важных сустрэч, якія ў будучыні паспрыяюць умацаванню сувязяў, пачатак якім ужо пакладзены. Да прыкладу, летась паміж Прэзідэнцкім спартыўным клубам і хакейным клубам з Абу-Дабі быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве ў развіцці лядовых відаў спорту. У гэтым годзе гісторыя атрымала працяг.

Калядны турнір даўно выйшаў за рамкі спартыўнага спаборніцтва. Бо сапернікамі адзін аднаго гэтыя хакеісты завуць толькі на лядовай пляцоўцы і толькі падчас матча. Пасля фінальнага свістка гэта сябры, якіх аб'ядноўвае гульня.

Дома застаецца і пераходзячы кубак. У наступным годзе беларусам прыйдзецца абараняць тытул пераможцаў. Гавораць, гэта нашмат складаней. Але мы верым, што ўсё атрымаецца.