Каманда Прэзідэнта Беларусі дзясяты раз перамагла ў Калядным турніры

8 января 2017

Галоўная традыцыя першых дзён новага года - спартыўнае свята для фанатаў хакея. І падарункам для балельшчыкаў стаў  юбілейны трыумф. Каманда Прэзідэнта Беларусі напярэдадні вечарам дзясяты раз перамагла ў Калядным турніры. Спаборніцтвы сёлета атрымаліся сапраўды асаблівымі, а фінал -  відовішчным і багатым на закінутыя шайбы.

Расказвае Павел Капуцкі.

Фіны ўжо становяцца прынцыповым сапернікам для беларусаў. Суомі не першы раз прывозяць у Мінск моцны састаў і ў 2016 таксама гулялі ў фінале. Тады ўсё вырашыла адна шайба, закінутая ў трэцім перыядзе, 2:1.

Зараз фіны здолелі закінуць тройчы, але інтрыга пражыла менш, чым год таму, таму што справы ў атацы ў гаспадароў ладзіліся, 7:3 выніковы лік.

У адной з галявых камбінацый паўдзельнічаў і Аляксандр Лукашэнка, на рахунку якога ў матчы з фінамі дзейсная перадача. Найлепшым жа бамбардзірам Каляднага турніру стаў фін Тоні Макіяха.

Тоні Макіяха, найлепшы бамбардзір XIII Каляднага турніру, Фінляндыя:

"Тое, што я найлепшы бамбардзір, не галоўнае. Усё-такі хакей - камандная гульня. Апошні раз пры такой публіцы гуляў гадоў шэсць таму, калі выступаў за швейцарскі Берн. Ведаеце, выдатна, што раз у год мы з сябрамі можам сабрацца, пайграць у хакей і адчуць сябе маладзейшымі".

Упершыню ў гісторыі бронзавыя медалі Каляднага турніру выйграла каманда Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Дэбютавалі сёлета Балканы. Не павялічваючы колькасць удзельнікаў, атрымалася пашырыць геаграфію, бо ў складзе паўднёўцаў прадстаўнікі адразу васьмі краін.

У наступным студзені гаспадары пастараюцца абараніць тытул, але зрабіць гэта будзе няпроста. Захапляючыся ўзроўнем арганізацыі, госці ўсё-такі мараць аднойчы падняць кубак над галавой. І ў іх ёсць роўна год, каб падрыхтавацца.