У Мінску на лёдзе "Алімпік Парка" сёння стартавалі 14-я спаборніцтвы па хакеі сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Дружына кіраўніка дзяржавы была мацнейшай за прадстаўнікоў Віцебскай вобласці. Усе гульцы дзейнічалі актыўна. І ўжо ў першым перыядзе гледачы ўбачылі 4 прыгожыя галы. Усяго 3 хвіліны і 26 секунд спатрэбілася нападаючаму ў чырвонай форме Паўлу Волчаку, каб стаць аўтарам першай закінутай шайбы не толькі матча, але і ўсяго турніру.
Праз дзве хвіліны Яўген Курылін з перадачы Мікалая Лукашэнкі падвоіў перавагу сваёй каманды. Сапернікі з Віцебскай вобласці на 11-й хвіліне матча адваявалі адну шайбу, дзякуючы Сяргею Голубеву. Аднак Сцяпан Панамароў неўзабаве аднавіў розніцу ў два галы. У другім перыядзе закідвала толькі дружына кіраўніка дзяржавы. Спачатку Андрэй Башко быў дакладны з перадачы Аляксандра Лукашэнкі. А затым першую шайбу ў новым розыгрышы запісаў у свой актыў і Мікалай Лукашэнка. У самым пачатку заключнай дваццаціхвілінкі Павел Волчак закінуў двойчы, тым самым аформіўшы хет-трык. Вось тады, бадай, пытанне аб пераможцы ў матчы было знята. Да фінальнай сірэны яшчэ па разе каманды засмуцілі адна адну ўзяццем варот. Выніковы лік у матчы - 8:2.
Лепшымі гульцамі матча былі прызнаны абаронца Руслан Салодкін і аўтар хет-трыка Павел Волчак. У наступным паядынку, які пройдзе 28 лістапада, лядовая дружына кіраўніка дзяржавы сустрэнецца з сапернікамі з Гродзенскай вобласці.













