Корты сталічнага Палаца тэніса прынялі фінальны этап "Залатой ракеткі"

25 ноября 2019

Прэм'ера новага тэніснага турніру ў Беларусі. Упершыню ў гісторыі корты сталічнага Палаца тэніса прынялі фінальны этап "Залатой ракеткі" - спаборніцтва, якое праходзіць пры падтрымцы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Гэта унікальны шанец заявіць аб сабе на ўсю краіну для маленькіх тэнісістаў, бо ў турніры прымалі ўдзел гульцы ад 8-мі да 12-ці гадоў. На працягу некалькіх месяцаў спартыўныя клубы з усёй краіны   змагаліся за права згуляць у фінале. Адборачны турнір праходзіў па кругавой сістэме і складаўся з хатніх і гасцявых  матчаў. У вырашальную стадыю выйшлі чатыры клубы, якія прадстаўляюць Мінск, Ракаў, Гродна і Віцебск. У выніку золата і пераходзячы кубак дасталіся камандзе з акадэміі тэніса "Сонечны", серабро прымерылі гульцы з СДЮШАР  "Змена", а бронзу павезлі дахаты тэнісісты з Гродна.

Кожны ўдзельнік фіналу атрымаў на памяць дыпломы, медалі, салодкія падарункі і, вядома, галоўную зброю тэнісістаў - ракеткі. А таксама магчымасць набыць спартыўную экіпіроўку.  "Залатая ракетка"  стане традыцыйным спаборніцтвам для юных гульцоў. Прапрацоўваецца і варыянт пашырэння геаграфіі турніру.