Клуб Мінск рыхтуецца правесці паядынак супраць Сэнт-Джонстана

8 августа 2013

Адна з апошніх футбольных надзей Беларусі гэтага года - клуб Мінск - рыхтуецца правесці паядынак у адказ у трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы супраць Сэнт-Джонстана. Пасля сенсацыйнага вылету БАТЭ з Лігі чэмпіёнаў гараджане, прынамсі гэтай восенню, могуць стаць тварам нашай краіны на еўраарэне. Пасля дамашняга паражэння 0:1 падапечныя Вадзіма Скрыпчанкі адправіліся адыгрывацца ў далёкую Шатландыю, каб абгуляць першы клуб легендарнага сэра Алекса Фергюсана.


Расказвае Павел Капуцкі.


Прызямліўшыся ўчора ў сталіцы Шатландыі Эдынбургу, мінчане адправіліся не ў Перт (горад, дзе пройдзе матч), а ў большы населены пункт - Дандзі.


Перт - горад з насельніцтвам 50 000 чалавек. Гэта значыць, што яго можна супаставіць з нашымі Слуцкам або Кобрынам. Пры гэтым стадыён мясцовага Сэнт-Джонстана разлічаны на 10 000 гледачоў. Арэна знаходзіцца на самай ускраіне, і толькі тут атрымалася ўбачыць афішу матча з Мінскам.


У фірмавым магазіне шатландскага клуба ёсць і праграмкі гульні з беларусамі, і кружкі з эмблемамі абедзвюх каманд.


Горад Перт на футбольнай карце Шатландыі - пункт не самы характэрны. Мясцовая каманда за 119 гадоў існавання ні разу не паднімалася вышэй за трэцяе месца ў чэмпіянаце. Затое за Сэнт-Джонстан з 60-га па 64-й гады выступаў сам Алекс Фергюсан.


Той самы Фергюсан, які ў 99-м быў пасвячоны ў рыцары каралевай Лізаветай Другой, а некалькі месяцаў таму, праз 26 гадоў з моманту прызначэння на пасаду галоўнага трэнера Манчэстар Юнайтэд, вырашыў пайсці. Сэр Алекс яшчэ доўга будзе заставацца самым заслужаным трэнерам сусветнага футбола.


Гуляць з шатландцамі на іх тэрыторыі неверагодна цяжка. Гэта ведаюць усе ў Еўропе. Нейкім магічным чынам родныя сцены гэтым гульцам сапраўды дапамагаюць. Нам жа нічога не застаецца, акрамя як даказаць: у любым правіле ёсць месца для выключэння.