Хакейны клуб "Юнацтва" стаў васьміразовым чэмпіёнам Беларусі

11 апреля 2019

У пятым матчы залатой серыі Кубка Прэзідэнта "мядзведзі" вырвалі перамогу ў гродзенскага "Нёмана". Сімвалічна, што тытул удалося заваяваць на роднай арэне ў Чыжоўцы. Усе паядынкі вырашальнай серыі складаліся для абедзвюх каманд няпроста. І прадбачыць іх пераможца было немагчыма. Але ўсё-такі ў гэтай серыі поспех апынуўся на баку каманды Міхаіла Захарава.

Расказвае Крысціна Камыш: "Юнацтва" доўга чакала свайго саперніка па фінале. Калі мінчанам удалося хутка справіцца з "Дынама-Маладзечна", то "Нёману" прыйшлося добра папацець з салігорскім "Шахцёрам". Лёс першых двух матчаў вырашыўся толькі ў авертайме. На "Чыжоўка-Арэне" каманды абмяняліся перамогамі і пераехалі ў Гродна.

Але хатні лёд поспеху гаспадарам не прынёс. Абедзве сустрэчы "Нёман" прайграў - у кожным матчы розніца ў ліку мінімальная. У адным з паядынкаў зноў 60 хвілін апынулася занадта мала. У пятым матчы серыя зноў вярнулася на "Чыжоўку". "Юнацтва" вяло 3:1, і менавіта гэта сустрэча магла стаць апошняй. Згодна з рэгламентам, Кубак Прэзідэнта за дзве гадзіны павінен быць на месцы падзей. 18 кілаграмаў, з іх 10 гэта чыстае серабро.

Сцэнарый пятага матча па драматургіі нічым не ўступіў усім папярэднім. Цана памылкі занадта высокая. Можа, менавіта таму два перыяды зноў па нулях. Балельшчыкі, здаецца, ужо настроіліся на дадатковы на час. Але памылкі гульцоў "Нёмана", і "Юнацтва" атрымлівае права на буліт. Станіслаў Лапачук з нервамі справіўся.

Лічаныя хвіліны да заканчэння матча. "Чыжоўка" стаіць на нагах. "Нёман" ідзе па-банку і здымае варатара. "Юнацтва" закідвае ў пустыя вароты. Часу на тое, каб змяніць вынік, у гасцей больш няма. "Юнацтва" - васьміразовы чэмпіён Беларусі. Праз два гады каманда Міхаіла Захарава зноў паднімае над галавой запаветны кубак.

“Гэта быў прыгожы фінал", - скажуць пасля балельшчыкі як пераможцаў, так і сярэбраных прызёраў. І ўсе разам, аб'яднаўшыся, зусім хутка будуць хварэць за іншую каманду - нацыянальную. Зборная Беларусі напрыканцы красавіка адправіцца ў Нур-Султан на чэмпіянат свету ў першым дывізіёне, каб вярнуцца ў эліту сусветнага хакея.