Сёння ў першай палове дня нацыянальная каманда чартарным рэйсам адправілася ў Астраву, дзе і правядзе ўсе сем матчаў групавога этапу. Сярод сапернікаў расіяне, амерыканцы, фіны. Зрэшты, нас больш хвалюе беларуская каманда, бо першая страта, і вельмі значная, у нас можа здарыцца яшчэ да пачатку чэмпіянату.
Павел Капуцкі праводзіў зборную - у яго апошнія навіны. На чэмпіянат свету наша каманда паляцела без сваёй галоўнай зоркі - Міхаіла Грабоўскага. Адзіны беларус, які выступае ў Нацыянальнай хакейнай лізе, і не павінен быў быць у Мінску. Планавалася, што ў Чэхію ён адправіцца адразу з Амерыкі, але раніцай з'явілася інфармацыя, што ў зборную беларуса адпускаць не жадаюць.
Грабоўскі жадае гуляць за зборную, яго клуб - "Нью-Ёрк Айлендэрс", які ў першым раўндзе Кубка Стэнлі саступіў “Вашынгтону”, не супраць адпусціць форварда. А вось НХЛ і яе кіраўнік Гары Бэтмэн, які, дарэчы, сам родам з Нью-Ёрка, не даюць дабро на ўдзел гульца ў чэмпіянаце свету. Міхаіл з-за траўм прапусціў больш як 30 матчаў у гэтым сезоне.
У аэрапорт хакеісты дабіраліся на асабістым транспарце і пасля рэгістрацыі амаль адразу ішлі на пасадку. Андрэй Касціцын прадбачліва купіў некалькі часопісаў, зрэшты, ні ў яго, ні ў яго брата Сяргея, ні ва ўсёй беларускай каманды ў Чэхіі не будзе шмат вольнага часу. Сем матчаў за 11 дзён.
Напярэдадні галоўны трэнер Дэйв Льюіс назваў траіх хакеістаў, якія не трапілі ў канчатковы склад: варатар Мільчакоў, форварды Развадоўскі і Кавыршын. Але Развадоўскага з-за нявызначанай сітуацыі з Грабоўскім у Чэхію ўсё-такі ўзялі. Для паўтору поспеху хатняга чэмпіянату зборнай ізноў трэба выходзіць у плэй-оф.
Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі: "Я вельмі ўсхваляваны перад пачаткам чэмпіянату. Мяркую, усе нашы хакеісты жадаюць паказаць добрую гульню. Ведаеце, у нас ёсць не проста набор спартсменаў, ёсць каманда. Можа быць, у некаторых іншых краінах і больш масцітыя гульцы, але мы моцныя духам і будзем гуляць сэрцам".
Чэмпіянат свету стартуе ўжо заўтра, але беларусы першы матч правядуць у суботу. Супраць славенцаў. На наступны дзень Славакія. Наступныя два сапернікі Данія і ЗША.
9 мая беларусы пазмагаюцца з Расіяй. Праз дзень сустрэча з яшчэ адным фіналістам мінскага чэмпіянату - Фінляндыяй. 12 мая групавы этап завершыцца гульнёй з Нарвегіяй. Усе матчы беларусаў у прамым эфіры пакажуць "Беларусь1" і "Беларусь 2".













