Хакеісты гэтых каманд па праве называюцца легендарнымі

20 мая 2014

За іх плячамі самыя складаныя матчы і ўпэўненыя перамогі. Чатыры наймацнейшыя каманды - Легенды хакея СССР, Газпрамэкспарт, дружына Прэзідэнта Беларусі і хакейны клуб Сталіца. Пра кожную з іх у рэпартажы Дзмітрыя Цітова.


Чырвоная машына дабралася і да Мінска. Менавіта так называлі ў розныя часы зборную СССР непрымірымыя сапернікі - канадцы. У складзе хакейнай дружыны ўдзельнікі легендарнай пяцёркі Ларыёнава. Яе прызналі лепшай у гісторыі хакея. 1981 год, СССР - Канада 8:1. Тры з пяці зорак значацца ў стартавых пратаколах - Фяцісаў, Макараў, Касатонаў.


Прыляцеў і Як-15, а таксама Лаўкач, Князь - цэлы россып гучных мянушак і імёнаў. Першы рэактыўны знішчальнік на лёдзе - Аляксандр Якушаў. Лепшы бамбардзір суперсерыі 1972 года ў васьмі матчах супраць Канады. Краўнік хакейнага клуба Легенды хакея СССР.


У розных звёнах, але на адным лёдзе лепшыя бамбардзіры і варатары СССР: Макараў, Мышкін. Адзіны ў гісторыі савецкіх і расійскіх зборных абаронца Уладзімір Лутчанка, які закінуў чатыры шайбы ў вароты шведаў за адну гульню. На лёд выйдуць больш за 20 зорак сусветнага ўзроўню.


Ігар Ларыёнаў, двухразовы алімпійскі чэмпіён, трохразовы ўладальнік Кубка Стэнлі, які не прыехаў на гэты турнір, гаварыў пра сённяшняга саперніка Легенд: Мы чулі пра вынікі гэтай каманды і лічым яе наймацнейшай сярод аматарскіх хакейных калектываў.


У ліпені 1997 года лядовая дружына Кіраўніка дзяржавы правяла першую трэніроўку. Зараз з камандай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь плячом к плячу на лёд выходзяць ветэраны і моладзь, былыя прафесіяналы і аматары.


У складзе заслужаны трэнер Беларусі Міхаіл Захараў. Уладзімір Цыплакоў, аўтар хакейнага цуда Уладзімір Копаць, які забіў самы незабыўны і важны гол шведам на Алімпіядзе ў Солт-Лейк-Сіці.


Геаграфія перамог лядовай дружыны ўражвае не менш, чым сама пераможная серыя. На рахунку каманды Прэзідэнта поспехі ў таварыскіх паядынках з ветэранамі хакея СССР, Швецыі, Канады, Чэхіі, Фінляндыі. Моц хакеістаў адчулі на сабе ветэраны клуба НХЛ Дэтройт Рэд Уінгз, маскоўскага Дынама, омскага Авангарда.


Каманда з'яўляецца васьміразовым пераможцам Каляднага турніру. Заслугі каманды Прэзідэнта Беларусі адзначаныя ў зале хакейнай славы на радзіме гульні ў Таронта. Сярод маек легенд сусветнага хакея побач з Кубкам Стэнлі захоўваецца і хакейная майка Кіраўніка беларускай дзяржавы.


Адным з найбольш прынцыповых сапернікаў каманды Прэзідэнта з'яўляецца хакейны клуб Газпрамэкспарт. У камандзе Аляксандра Мядзведзева, вядомай мінчанам па ўдзеле ў Калядным турніры, таксама нямала гульцоў са слаўным хакейным мінулым. У фінальным матчы дзясятага па ліку першынства каманда сустракалася з дружынай Прэзідэнта Беларусі, дзе саступіла 2:3.


Двойчы ў гэтым турніры поспех святкавала і расійская дружына ў 2007 і 2011 гадах. Імёны Аляксандра Харытонава, Ігара Варыцкага, Фёдара Канарэйкіна, Максіма Міхайлоўскага вядомыя сусветнаму хакею. У розны час яны былі ўдзельнікамі алімпіяд, чэмпіянатаў свету і гульцамі НХЛ.


Чацвёрку ўдзельнікаў дапоўніць каманда Сталіца - двухразовы чэмпіён горада Мінска па хакеі сярод аматарскіх каманд. Яна сфарміраваная ў 2003 годзе. З'яўляецца відавочным фаварытам начной хакейнай лігі, пераможца 13-га чэмпіянату Мінска сярод 29 каманд. Гэта рэкордная колькасць удзельнікаў за ўсю гісторыю існавання турніру.