Як гэта было: яркія моманты II Еўрапейскіх гульняў

30 июня 2019

Яны плакалі ад радасці і расчаравання, паднімалі цяжкі груз адказнасці і спраўляліся з ціскам родных трыбун, а потым паднімаліся на п'едэстал, каб атрымаць нялёгкія (паўкілаграмовыя) медалі II Еўрапейскіх гульняў. Гэта - нашы трыумфатары, нашы спартсмены! 

Мы разам хварэлі за іх, зрывалі голас у прамым эфіры, на трыбуне і ля экрана тэлевізара. Часам здавалася, што ты сам на дыстанцыі аддаеш апошнія сілы дзеля агульнай перамогі. Дзясяткі разоў на верхняй ступені п'едэстала і незабыўныя эмоцыі пад гукі гімна ў гонар пераможца: мы разам гэта перажылі. 

Гэта былі самыя буйныя спаборніцтвы ў гісторыі суверэннай Беларусі. Яшчэ пару тыдняў таму мы ўпотай спадзяваліся, баяліся сурочыць, але ўсё ж верылі, што II Еўрапейскія прынясуць нам мноства сапраўды яркіх перамог. І вось у нашай каманды другое месца ў медальным заліку і па колькасці, і па якасці ўзнагарод. Саступілі толькі Расіі. 

Але што б там ні было, гэта былі нашы Гульні! Усяго праз гадзіну з невялікім тут, на стадыёне "Дынама", адбудзецца цырымонія закрыцця, і мы развітаемся з форумам, які ўжо назаўжды запісаны ў сусветную спартыўную гісторыю. Як гэта было: самыя яркія моманты нашых Гульняў сабраў Павел Капуцкі.

Задачу заваяваць больш за 43 бакінскія медалі нашы вырашылі яшчэ ў сераду! Восем кілаграмаў бронзы, серабра і золата на дыванах Палаца спорту ўзялі самбісты. 15 узнагарод, тры - залатыя. 

Дождж і вецер на вяслярным канале сталі саюзнікамі зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ. Трэнер Уладзімір Шантаровіч абяцаў пяць медалёў, атрымалася 10. 

У чацвер у Заслаўе прыехаў Прэзідэнт Беларусі. У камандзе вызначыліся дзяўчаты. Два залатыя і адзін сярэбраны медаль выйграла Вольга Худзенка. Такія ж медалі ў Марыны Літвінчук, якая атрымала персанальнае віншаванне.

На наступны дзень Марына была ў нашай дынамаўскай студыі. 

За час Гульняў у гэтай студыі вы ўбачылі дзясяткі гасцей. Самым масавым атрымалася інтэрв'ю з грэчаскімі лёгкаатлетамі.

Акрамя як цырымоніямі адкрыцця і закрыцця, стадыён "Дынама" запомніцца і як месца, дзе нашы лёгкаатлеты ўзялі шэсць індывідуальных медалёў і адзін камандны. У пятніцу, саступіўшы толькі ўкраінцам, беларусы заваявалі серабро. Падняцца на вышыню дапамог і Максім Недасекаў. Скакун уразіў балельшчыкаў на трыбунах і нават Прэзідэнта.

Першая перамога на чэмпіянаце Еўропы за 11 гадоў! Маладзечанскі баксёр Дзмітрый Асанаў палепшыў серабро Баку мінскім золатам! 

Гэта кадры з зоны для інтэрв'ю Палаца спорту. Пасля выхаду ў адну чацвёртую мы пажадалі Ірыне Курачкінай дабрацца да фіналу, а яна ў выніку выйграла золата! Яшчэ ў жаночай барацьбе медаль вышэйшай пробы ў Васілісы Марзалюк. Яна паўтарыла поспех І Еўрапейскіх.

Адзін медаль у дзюдо, але залаты. 

Эмоцыі каментатара не слабейшыя за тыя, што на трыбунах "Чыжоўка-Арэны" перажывала мама 27-гадовай Марыны Слуцкай. 

У фінале Слуцкая адолела спартсменку з Босніі. Стрымліваць слёзы радасці не мела сэнсу. 

Велагоншчык Васіль Кірыенка на 10 гадоў старэйшы за Слуцкую і на сваё (ужо другое) золата Еўрапейскіх гульняў рэагаваў больш спакойна. У Баку ён таксама выйграў гонку з паасобным стартам.

Самым удачлівым карэспандэнтам у нас аказалася Крысціна Камыш. Яна адрабіла больш за 20 медальных спаборніцтваў. Захаплялася першым за восем гадоў (прычым падвойным) золатам акрабатаў. Перамогай выдатных гімнастак у звышканкурэнтным групавым мнагабор'і. І трыумфам сям'і Ганчаровых у батуце! Уладзіслаў бліснуў у індывідуальных скачках, Ганна разам з Марыяй Махарынскай - у сінхронных.