Да "Гонкі легенд" рыхтуюцца ў Раўбічах

7 сентября 2015

Непрадказальныя спрынтарскія гонкі, дзе фаварытам лічыцца кожны, аўтограф або селфі з легендай біятлона і па-сапраўднаму сямейнае свята. Да фестывалю "Гонка легенд - зоркі біятлона за мір", які пройдзе ў Раўбічах, застаецца менш за тыдзень. Па запрашэнні трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Дар'і Домрачавай у Беларусь прыедуць алімпійскія чэмпіёны і чэмпіёны свету, лепшыя страляючыя лыжнікі, якія ўжо завяршылі сваю прафесійную кар'еру, але поўныя жадання зноў выйсці на старт і ўспомніць былыя эмоцыі. "Гонка легенд" у дадатак стане сапраўдным выпрабаваннем для саміх Раўбіч, дзе прайшла рэканструкцыя.

Алена Гарэльчык пра тое, як апынуцца ў цэнтры падзей.

Рыхтавацца да "Гонкі легенд" пачалі яшчэ паўгода таму. Ініцыятыву Дар'і Домрачавай падтрымалі многія ведамствы і не толькі спартыўныя.

22 легенды біятлона - 11 мужчын, столькі ж жанчын. Сярод іх Свен Фішэр і Рыка Грос, Міхаэль Грайс і Харвальд Ханевольд. Ліў-Грэт Пуарэ кіне выклік Алене Экхальм і дадасць інтрыгі ў гонку Ганна-Карын Зідэк. У цэнтры ўвагі ў суботу ў Раўбічах будзе, безумоўна, сама Дар'я Домрачава. На старт біятланістка не выйдзе, але ў аўтограф-сесіі паўдзельнічае. Яна пачнецца а 15-й гадзіне.

У Мінск біятланісты едуць без рэчаў. Гэта значыць, што ўсю экіпіроўку - ад формы да лыжаролераў з вінтоўкамі - спартсменам выдадуць ужо тут на месцы. Напярэдадні гонкі ўсе легенды біятлона змогуць азнаёміцца з трасай. Каб гледачам было зручна, практычна ўся дыстанцыя пройдзе па стадыёне.

Дабрацца ў суботу ў Раўбічы можна будзе на асабістым транспарце - стаянка будзе арганізаваная на абочыне дарогі Р80. Можна скарыстацца грамадскім. З 9:30 раніцы ад станцыі метро "Барысаўскі тракт" у Раўбічы будуць адпраўляцца спецыяльныя аўтобусы. Праезд каштуе 17 тысяч рублёў.

Кошт білетаў на "Гонку легенд" вар'іруецца ад 30 да 50 тысяч. Але квіткоў у продажы практычна не засталося. На раніцу панядзелка ў касах было ўсяго каля 100 білетаў на трыбуны і 800 звычайных. Усе сродкі, атрыманыя ад продажу квіткоў, пойдуць на будаўніцтва дзіцячага хоспіса.

Першая гонка пачнецца ў Раўбічах у 13:45. Адкрыюць праграму жанчыны. А палове на трэцюю на старт выйдуць мужчыны. Пасля аўтограф-сесіі эстафета. Але фестываль біятлона выйдзе далёка за межы адной толькі трасы. Атракцыёны для дзяцей і бацькоў, горад майстроў, паказальныя выступлені і - адметнасць сямейнага свята - розныя стравы нацыянальных кухняў.