Вынікі другога дня чэмпіянату Еўропы па біятлоне ў Раўбічах

27 февраля 2020
На чэмпіянаце Еўропы па біятлоне, які  гэтымі днямі прымаюць беларускія Раўбічы,  сёння дзень эстафет. І калі сінгл-мікст для нашых спартсменаў  не склаўся, то ў змяшанай эстафеце да апошніх метраў дыстанцыі беларусы захоўвалі шанцы на ўзнагароды кантынентальнага форуму. Цэлы дзень у спарткомплексе працуе наша здымачная група. 

І на прамой сувязі са студыяй  Крысціна Камыш. 

Беларусы за крок ад п'едэстала ў змяшанай эстафеце


Добры вечар, Людміла. Амаль 40 хвілін таму завяршылася змяшаная эстафета. Беларусь прадставілі Дынара Алімбекава, Ірына Крыўко, Антон Смольскі і Сяргей Бачарнікаў.

Нашы ішлі выдатна па дыстанцыі, дэманстравалі добрую хуткасць. 

Зборная выкарыстала тры дадатковыя патроны і, на жаль, зайшла на штрафны круг. Менавіта таму выніковае месца чацвёртае. Нам удалося пагаварыць са спартсменкамі пасля гонкі.

Сёння ў дзённай праграме быў сінгл-мікст. У адзіночнай змяшанай эстафеце нашу краіну прадставілі Ганна Сола і Віктар Крыўко. У іх нічога не атрымалася. Спачатку Ганна ішла лідарам. Але на другой агнявой мяжы дапусціла 8 промахаў. Забыла прабегчы пяты штрафны круг. І за гэта атрымала 2-хвілінны штраф. У Віктара Крыўко таксама не заладзілася. Пры адной з перадач эстафеты наш спартсмен упаў, згубіў патроны. Менавіта гэта і выклікала затрымку на стральбе. Такім чынам, беларуская каманда фінішавала 13-й з 27 зборных.

Чэмпіянат Еўропы па біятлоне ў Раўбічах


Заўтра на чэмпіянаце Еўропы паўза. Барацьба на кантынентальным форуме працягнецца ў выхадныя традыцыйнай звязкай спрынт-пасьют. У суботу ў 12:30 на старт спрынтарскай гонкі выйдуць мужчыны, а ў 15:30 - жанчыны.