Гістарычная падзея! Лічаныя гадзіны да матчавай сустрэчы паміж зборнымі Еўропы і ЗША

9 сентября 2019
Да старту доўгачаканай лёгкаатлетычнай падзеі - матчавай сустрэчы паміж зборнымі Еўропы і ЗША - застаюцца лічаныя гадзіны. Першыя спартсмены выйдуць у сектары і на дарожкі нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама" ўжо сёння а 7-й гадзіне  вечара. 

Да пачатку саміх спаборніцтваў гледачоў чакае яркае шоу - урачыстая цырымонія адкрыцця матчавай сустрэчы. Акрамя таго, на тэрыторыі стадыёна будуць пляцоўкі, дзе кожны, хто жадае, зможа паспрабаваць сябе ў розных дысцыплінах лёгкай атлетыкі. Больш падрабязна пра падзеі першага дня матчавай сустрэчы Еўропа - ЗША раскажа Алена Гарэльчык.

Пра яе шмат гаварылі, і вось яна ў Мінску. Знакамітая і тытулаваная Брытні Рыз. Алімпійская чэмпіёнка і прызёр Гульняў, шматразовая чэмпіёнка свету будзе змагацца за перамогу ў скачках у даўжыню. А сёння менавіта ў Мінску адсвяткуе свой дзень нараджэння. 

Лічаныя гадзіны да старту матчавай сустрэчы Еўропа - ЗША

300 спартсменаў і 37 дысцыплін. Два спаборніцкія дні і агульны прызавы фонд каля мільёна еўра. А яшчэ 55-сантыметровы кубак з чыстага серабра. У аўторак вечарам на ім з'явіцца імя пераможцы матчавай сустрэчы. Трафей будзе пераходзячым. 

Дадуць старт спаборніцтвам у 19:00 жанчыны, якія выступяць у скачках з шастом. Тут зборную Еўропы ў тым ліку прадставіць наша Ірына Жук. Акрамя яе з беларусаў сёння на стадыёне мы ўбачым бягух  Кацярыну Карніенку і Дар'ю Барысевіч, скакуноў у вышыню Максіма Недасекава і Дзмітрыя Набокава і кідальніцу капья Таццяну Халадовіч. Усяго ж  у першы дзень вызначацца пераможцы ў 18 дысцыплінах - пароўну ў мужчын і жанчын. Завершыцца праграма першага дня бліжэй да дзесяці вечара дзвюма эстафетамі 4 па 100 метраў. 

Спяшаецеся бачыць грандыёзнае лёгкаатлетычнае дзейства  на свае вочы, падтрымаць любімых спартсменаў і раздзяліць радасць перамогі! Білетаў у касах застаецца не так ужо шмат. Для тых жа, хто не зможа аказацца сёння на стадыёне "Дынама",  прамая трансляцыя матчавай сустрэчы Еўропа - ЗША на "Беларусь 5" пачнецца ў 17:40. Гэта будзе ярка, магутна і прыгожа!