Гістарычнае супрацьстаянне "Еўропа-ЗША". Як гэта было і што засталося за кадрам?

11 сентября 2019
Грандыёзная матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы Еўропа - ЗША завершана, але надоўга застанецца ў памяці ўдзельнікаў і балельшчыкаў, якія наведалі стадыён "Дынама"  або глядзелі спаборніцтвы па тэлевізары. У спорце заўсёды ёсць пераможцы і пераможаныя,  гэта, вядома, уплывае на настрой удзельнікаў. Аднак у чым лёгкаатлеты аднадушныя,  дык гэта ў тым, што Мінск правёў матч на самым высокім узроўні і павінен атрымаць пастаяннае месца ў міжнародным календары. Беларускія балельшчыкі вельмі цёпла сустракалі спартсменаў на "Дынама", які па сваіх характарыстыках не саступае вялікім арэнам каралевы спорту. Выдатная атмасфера, дружалюбнасць беларусаў,  безумоўна, стануць тымі драйверамі, якія дазволяць вяртацца сусветнай лёгкай атлетыцы ў Беларусь зноў і зноў. Еўропа напярэдадні перамагла ЗША. І зараз мы падвядзём вынікі  і выдзелім ключавыя падзеі гістарычнага матча.

Па выніках спаборніцтваў  у 37-мі дысцыплінах зборная Еўропы набрала 724 з паловай балы. У каманды ЗША - 601 з паловай. Разгромная розніца  ў 123 ачкі.  Для развіцця такога фармату спаборніцтваў гэта нават добра. Амерыканцы абавязкова  па-спартыўнаму раззлуюцца і праз 2 гады дадуць бой.

Нагадаем,  у камандзе пераможцаў былі 14 спартсменаў з Беларусі. Прычым гэтая матчавая сустрэча  зрабіла нашага скакуна ў вышыню Максіма Недасекава лідарам сусветнага сезона. Беларус усталяваў асабісты рэкорд - 2 метры і 35 сантыметраў.

Максімальная колькасць балаў камандзе Еўропы - 9 - прынесла і наша Анастасія Мірончык-Іванова. У сваёй лепшай спробе ў скачках у даўжыню яна паказала 6 метраў 74 сантыметры. Усяго на 1 сантыметр адстала ўкраінская скакуха Марына Бех-Раманчук. І толькі трэцяе месца заняла алімпійская чэмпіёнка са Злучаных Штатаў Амерыкі Брытні Рыз.

Акрамя Максіма Недасекава і Анастасіі Мірончык-Івановай  важкі ўнёсак у перамогу Еўропы над ЗША  зрабілі і іншыя беларусы. Другія месцы занялі Ганна Малышчык (кіданне молата)  і Таццяна Халадовіч (кіданне кап’я). Наогул варта адзначыць, што мінская публіка цёпла вітала кожнага ўдзельніка. Бо гэтая сустрэча стала самай прадстаўнічай з тых, што калі-небудзь праводзіліся ў нашай краіне. На цырымоніі закрыцця  еўрапейцы адчулі сябе сапраўднай камандай. А гэтая вельмі рэдкая з'ява ў такім індывідуальным спорце, як лёгкая атлетыка.

За 2 спаборніцкія дні мы сталі відавочцамі сапраўднай бескампраміснай спартыўнай барацьбы. Была і радасць ад перамог, і непрыхаваная горыч ад паражэнняў. І ўсё ж  галоўнае, што гэта было вялікае спартыўнае свята сусветнага ўзроўню.