Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава наведалі сваю малую радзіму - Чавусы і Сянно

7 ноября 2019

Свае падарункі да знакавай даты зрабілі землякам і алімпійскія чэмпіёнкі Пхёнчхана Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава. Перад стартам новага сезона (а ён запланаваны на 29 лістапада ў шведскім Эстэрсундзе) сваю малую радзіму - Чавусы і Сянно – дзяўчаты наведалі разам з супрацоўнікамі федэрацыі практычна ў поўным складзе. Што таксама не пазбаўлена сімвалічнага сэнсу ў год 60-годдзя айчыннага біятлона.

Пра цёплы прыём раскажа Ганна Эйсмант.

Усім даўно вядомая адна простая ісціна: перад пачаткам важнай справы, перад адказным стартам трэба сустрэцца з роднымі і блізкімі, каб атрымаць станоўчыя эмоцыі і энергію! Вось і нашы алімпійскія чэмпіёнкі - біятланісткі Ірына Крыўко і Дзінара Алімбекава - перад стартам новага сезона прыехалі на сваю малую радзіму, ды яшчэ з падарункамі.

Падарункі ад чэмпіёнаў

Гэтая дарагая і вельмі неабходная для мясцовай школы тэхніка прама ля ганка Дома культуры ў Чавусах як наглядны прыклад таго, што свае абяцанні гэтыя дзяўчаты выконваюць. А галоўнае - набыта тэхніка на сродкі, атрыманыя ад продажу білетаў на “Гонку легенд” і чэмпіянат Еўропы.

У Чавусах будуецца лыжаролерная траса

Сертыфікат на спартыўнае абсталяванне Дзінара асабіста паспяшалася ўручыць роднай СДЮШАР. Зрэшты, гэта яшчэ не ўсё. Для лыжаролернай трасы, што будуецца ў Чавусах, Міністэрства спорту і турызму зрабіла свой важкі падарунак - 18 установак для стрэльбішча. Яшчэ да пачатку мерапрыемства Дзінара Алімбекава паспяшалася ў родную школу, каб асабіста пераканацца ў тым, што работы на будаўніцтве трасы ідуць поўным ходам. І калі гэтыя падарункі можна вымераць у грашовым эквіваленце, то тыя эмоцыі, якія атрымалі і госці, і гаспадары мерапрыемства, проста неацэнныя. Дзінара не змагла стрымаць слёз, калі ўбачыла на сцэне свайго першага трэнера.

Чавуская спартыўная школа выхоўвае таленавітых біятланістаў

Чавусы і спартыўная школа гэтага гарадка заслугоўваюць асобных слоў. Пра гэта са сцэны гаварыў і старшыня Федэрацыі біятлона Андрыян Цыбульскі. Тут былі выхаваны Дзінара Алімбекава і член нацыянальнай зборнай Раман Ялётнаў, якія бралі прыклад з яшчэ аднаго свайго земляка - сярэбранага прызёра Алімпіяды ў Ванкуверы Сяргея Новікава.

Гэты вечар сабраў некалькі пакаленняў знакамітых спартсменаў - Алена Зубрылава, Людміла Ананькава і Людміла Калінчык, Пётр Івашка, Вольга Назарава. Іх яшчэ доўга не адпускалі без аўтографа і фота на памяць. І вось такой дружнай кампаніяй мы адправіліся ўжо ў Сянно Віцебскай вобласці.

Тут ужо гаспадыняй мерапрыемства выступіла Ірына Крыўко і ўручыла СДЮШАР Сянно снегаход і трасаўкладчык. А ад Міністэрства спорту сертыфікат на 11 тысяч рублёў для аддзялення біятлона. Біятлонная школа ў Сянно таксама можа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Зараз за мужчынскую нацыянальную зборную выступае і малодшы брат Ірыны Віктар Крыўко. Да з'яўлення на біятлонным небасхіле сям'і Крыўко Сенненшчына ганарылася і Пятром Івашкам - трохразовым чэмпіёнам свету ў эстафеце. Праз 20 гадоў сустрэліся на сцэне ДК у Сянно Ірына і яе першая настаўніца. Гэтая сустрэча стала сюрпрызам для Ірыны Крыўко - нікому не ўдалося стрымаць слёз. Праз хвіліны Ірына змагла ацаніць падарунак ад першай настаўніцы, і пасля гэтай сустрэчы нашы чэмпіёнкі яшчэ раз пераканаліся, як важна тое, чым яны займаюцца, які прыклад яны падаюць, як за іх шчыра хварэюць і чакаюць у сябе на радзіме.

А мы з нецярплівасцю чакаем прамых трансляцый біятлонных гонак ужо з 30 лістапада на "Беларусь 5".