Інтэрв'ю з Дэйвам Льюісам глядзіце ў "Галоўным эфіры" ў гэтую нядзелю

27 апреля 2018

Такім чынам, роўна тыдзень застаецца да старту чэмпіянату свету па хакеі ў Даніі. У рамках падрыхтоўкі да планетарнага першынства зборная Беларусі ў красавіку правяла ўжо шэсць матчаў. У саперніках былі фіны, швейцарцы і датчане. Толькі адзін раз беларускай камандзе ўдалося перамагчы. У авертайме была абыграная зборная Фінляндыі. Усяго 10 закінутых шайб і 15 прапушчаных. У эксклюзіўным інтэрв'ю Агенцтву тэленавін галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Дэйв Льюіс распавёў, што канчатковы склад будзе сфарміраваны пасля гульні з Нарвегіяй. А таксама адзначыў, што каманда гатовая да чэмпіянату свету.

Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі:

"Усе тры нашыя варатары не маюць дастатковага вопыту выступлення на чэмпіянатах свету. Аднак спадзяюся, што гэта яны кампенсуюць стараннай працай на пляцоўцы і за яе межамі. Што ж датычыцца іншых кампанентаў хакея - такіх, як рэалізацыя большасці, гульня ў меншасці, абарона - нападзенне. Над гэтымі элементамі мы пастаянна працуем. У каманду прыйшлі новыя, маладыя хакеісты. І на кожнага з іх мы ўскладаем вялікія надзеі. Не ведаю, якая з ліній будзе самай праблемнай у Даніі. Але, ва ўсялякім разе, трэнерскі штаб рабіў усё магчымае, каб падрыхтаваць гульцоў як мага лепш. Яшчэ будзе фінальны адсеў пасля гульняў Еўравыкліку, але зборная гатовая настолькі, наколькі яна можа быць гатовай".

Поўнае інтэрв'ю з Дэйвам Льюісам глядзіце ў "Галоўным эфіры" ў гэтую нядзелю.