Гуляць ў прафесійны футбол цяпер можна з трох гадоў

9 августа 2016

У Мінску пачаў працу незвычайны дзіцячы клуб. Малых вучаць не толькі ліха ўпраўляцца з мячом - прывіваюць навыкі працы ў камандзе, а таксама лідарскія якасці. Пра тое, дзе і з чаго можна пачаць выхаванне будучага футбаліста - рэпартаж Ксеніі Лебедзевай.

Калі традыцыйна дзяцей бяруць у футбол з 5-6 гадоў, то Аляксандр вырашыў рэалізаваць іншы падыход - арганізаваў працу футбольнага клуба для дзяцей з трох гадоў. Ідэя ўзнікла невыпадкова - дзіцячая мара і незанятая ніша ў сферы дзіцячай спартыўнай адукацыі зрабілі сваю справу.

Тут не толькі вучаць як правільна гуляць у футбол, развіваюць фізічныя навыкі і каардынацыю, а яшчэ і рыхтуюць да школы. Таму гульні, казкі і вывучэнне англійскіх слоў пераважна спартыўнай лексікі - неад'емная частка трэніровак.

Артур Жабiнскi, трэнер па футболе: "Трэніроўкі праходзяць у форме гульні. Задзейнічаныя сюжэты казак, гісторыі. Методыка распрацаваная для гэтага ўзросту. Усе практыкаванні накіраваныя на фізічнае развіццё дзіцяці, на псіхалагічнае, на сацыяльныя нейкія якасці".

Пастаянная змена актыўнасці на працягу 45 хвілін не дае магчымасці стаміцца. А сам працэс, такім чынам, не паспявае надакучыць футбалісту-пачаткоўцу.

Пачынаць заняткі спортам, музыкай і нават вывучаць замежную мову з трох гадоў - мэтазгодна. Гэта дае свой плён для гарманічнага развіцця дзяцей.

Выбар профільных заняткаў у сталіцы вялікі. Дзеці могуць паспрабаваць сябе і ў якасці футбаліста, плыўца, мастака, музыканта... А бацькі могуць ацэньваць іх здольнасці разам з прафесіяналамі. Ужо нават кажуць пра павелiчэнне колькасцi ахвотнікаў прыводзіць дзяцей у дашкольныя вузкапрофільныя ўстановы раней, чым яны пойдуць у дзіцячы сад.