Ігар Бокі выйграе чарговы залаты медаль Паралімпійскіх гульняў

15 сентября 2016

Чатырохразовы ў Рыа, дзевяціразовы ў кар'еры. Ігар Бокі выйграе чарговы залаты медаль Паралімпійскіх гульняў.

На гэты раз беларускаму плывуну не знайшлося роўных на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. Нагадаем, Бокі выступае ў катэгорыі S13. У фінале Бокі фінішаваў з часам 23,44 секунды, што з'яўляецца найлепшым вынікам, паказаным на Паралімпіядзе. Беларус абнавіў свой жа рэкорд, устаноўлены некалькімі гадзінамі раней падчас папярэдніх спаборніцтваў. У Рыа Ігару Бокаму ўдалося ўзяць рэванш за паражэнне ў Лондане. Бо чатыры гады таму на аналагічнай дыстанцыі наш спартсмен выйграў серабро.

Зараз у скарбонцы зборнай Беларусі 8 узнагарод, сярод іх 6 - вышэйшай пробы і 2 бронзы. Акрамя Бокага паралімпійскімі чэмпіёнамі сталі фехтавальшчык-калясачнік Андрэй Праневіч і плывун Уладзімір Ізотаў. Бронзавая ўзнагарода на рахунку кідальніка кап'я Аляксандра Трыпуця. У медальным заліку зборная Беларусі займае ўжо 15 месца.