У трэцім крузе беларуска за 2 гадзіны і 6 хвілін выбіла з барацьбы стодругую ракетку свету гаспадыню кортаў - Хізер Уотсан. Пачаўся матч для Вікторыі не лепшым чынам. У першай партыі беларуска саступіла 3:6. Затое другі сет наша спартсменка пачала з брэйку і аддала ў ім толькі адзін гейм - 6:1. У трэцяй вырашальнай партыі ніводная з тэнісістак не жадала саступаць, яны доўга абменьваліся пераможнымі геймамі, але ўсё ж дзякуючы свайму майстэрству беларуска справілася - 6:4.
Вікторыя Азаранка, экс-першая ракетка свету:
"Пэўна, гэта быў нялёгкі матч. Хізер - улюбёнка публікі, і, вядома, людзі натхнялі яе гуляць лепш, яна ўдала пачала матч. Я адчувала, што гэта быў не лепшы тэніс у маім выкананні. Я ўцягнулася толькі ў другім сэце. Адчуваю, што павінна падчысціць сваю гульню. Але я задаволеная, што заставалася ўпэўненай у важныя моманты і рэалізоўвала магчымасці. Трэці сет быў, як арэлі".
За выхад у чвэрцьфінал Азаранка згуляе з Сымонай Халеп з Румыніі. Будучая суперніца займае другое месца ў сусветным рэйтынгу. За сваю гісторыю на тэнісных кортах тэнісісткі сустракаліся тройчы. Двойчы мацнейшая была Вікторыя.













