Рыхтуемся да вялікага біятлона. Чэмпіянат Еўропы - 2019 пройдзе ў Раўбічах

16 января 2018

Неад'емнай часткай міжнародных адносін можна смела назваць спорт. Асабліва сусветныя спаборніцтвы, бо яны таксама аб'ядноўваюць народы. Так, сёння стала вядома, што чэмпіянат Еўропы па біятлоне ў наступным годзе пройдзе ў Раўбічах. Выканаўчы камітэт Міжнароднага саюза біятланістаў даручыў правядзенне першынства Беларусі. Форум пройдзе з 18 па 24 лютага. Акрамя таго, нагадаем, у наступным годзе Раўбічы прымуць і летні чэмпіянат свету па біятлоне.

Анатоль Стромскі, генеральны сакратар Беларускай федэрацыі біятлона:

"Чэмпіянат Еўропы - гэта вельмі буйныя міжнародныя спаборніцтвы. Зразумела, што гэта вельмі важная падзея як для федэрацыі, так і для ўсёй краіны. Тым больш што біятлон вельмі папулярны ў нас".

Дададзім, у найбліжэйшыя гады ў Беларусі пройдуць яшчэ некалькі буйных спартыўных турніраў. Акрамя ІІ Еўрапейскіх гульняў, наша краіна выказала гатоўнасць прыняць і футбольны Суперкубак УЕФА 2020 года. У якасці арэны разглядаецца сталічны стадыён "Дынама", рэканструкцыя якога павінна завяршыцца ўжо гэтым летам. Праўда, тут у беларусаў 8 канкурэнтаў. Канчатковае рашэнне УЕФА прыме ў маі.