Гарачыя выхадныя ў Раўбічах правялі фрыстайлісты і лыжныя акрабаты

24 февраля 2020
Раўбічы на выхадных сталі цэнтрам прыцягнення ўсіх аматараў фрыстайлу. Калі ў суботу хварэлі за спартсменаў на этапе Кубка свету, то ў нядзелю лепшыя лыжныя акрабаты наладзілі  для гледачоў сапраўднае шоу. Другі год запар мы праводзім міжнародныя спаборніцтвы па сінхронных скачках. 

Дысцыпліна маладая, відовішчная і дастаткова  перспектыўная. Чым пакарылі  ўсіх гэтыя спаборніцтвы, і хто з беларусаў узышоў на п'едэстал - сюжэт Алены Гарэльчык.

На схіле дзве кітаянкі Ксю Ментаа і Кон Фанью. Першая - лідар агульнага заліку ў лыжнай акрабатыцы і сярэбраны прызёр суботняга этапа Кубка свету. Другая - бронзавы прызёр Алімпіяды ў Пхёнчхане. Няцяжкі скачок - яго галоўная складанасць - сінхроннасць. Адчуваць адна адну  ў паветры, практычна нягледзячы ў бок. Эмоцыі пасля прызямлення гавораць самі за сябе.

Беларусы выйгралі бронзу ў сінхронных скачках

Рызыкнулі і скокнулі ў тандэме амаль  два дзясяткі пар, у тым ліку і інтэрнацыянальныя дуэты. Нашым дзяўчынкам крыху  не пашанцавала. Затое ў мужчынскім фінале апынулася адразу дзве беларускія пары з чатырох. Парывы ветру зрывалі шапкі, але гарачая кроў і халодны розум робяць цуды.

Раўбічы - адзіны схіл у свеце, дзе ўсталяваны стацыянарны трамплін для сінхронных скачкоў. Дысцыпліна неафіцыйная, але Беларуская федэрацыя робіць усё магчымае, каб папулярызаваць яе сярод іншых краін.

Ужо гэтай вясной  на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту ў Тайландзе беларускі бок  будзе хадайнічаць  аб уключэнні сінхронных скачкоў у праграму міжнародных спаборніцтваў. 

Сінхроннасць вось гэтага элемента, а дакладней прызямлення, суддзі, вядома, не залічылі. Самі фрыстайлісты не занадта знерваваліся. Затое дадалі эмоцый балельшчыкам. Бо гэта спаборніцтва, хутчэй, з прыстаўкай шоу, ключавое слова - пакуль.